
Еўрапарламент плануе прыняць рэзалюцыю з пазіцыяй аб непрызнанні так званых выбараў у Беларусі. Пра гэта распавёў намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка па выніках сустрэчы з дэпутатам Еўрапейскага парламента ад Літвы Дайнюсам Жалімасам. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале беларускага палітыка.
Латушка і Жалімас абмеркавалі падрыхтоўку да прыняцця рэзалюцыі, у якой, як чакаецца, адаб’ецца «прынцыповая пазіцыя» дэпутатаў Еўрапарламента аб непрызнанні выбараў у Беларусі. Галасаванне па праекце рэзалюцыі павінна прайсці 22-23 студзеня 2025 года падчас пасяджэння Еўрапарламента ў Страсбургу.
Кіраўнік НАУ адзначыў важнасць уключэння ў рэзалюцыю Палажэння аб значнасці выкарыстання механізмаў Міжнароднага крымінальнага суда для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці. А таксама заклік да іншых дзяржаў-членаў Еўразвяза далучыцца да звароту ўрада Літвы аб пачатку расследавання беларускай сітуацыі ў гэтым судзе.
Беларускае Радыё Рацыя