BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі

22 кастрычніка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой Лукашэнка прызнаны нелегітымным прэзідэнтам, а ўвага нададзена падтрымцы дэмакратычных сіл на чале з Святланай Ціханоўскай.  Рэзалюцыя заклікае да вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Андрэя Пачобута, які ў гэтым годзе стаў лаўрэатам прэміі Сахарава за свабоду мыслення.

паседжанне ў Еўрапарламенце

Паседжанне Еўрапарламенту

Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Малгажата Гасеўска падкрэсліла важнасць гэтага дня:

-Сёння быў выдатны дзень у Страсбургу. Мы ўбачылі сям’ю Ціханоўскіх, а перадусім Сяргея Ціханоўскага на волі, здаровага, з яго моцным выступам. Анджэй Пачобут з узнагародай Сахарава. Бо Анджэй – сімвал зняволеных рэжымам Лукашэнкі. І ён іх усіх прадстаўляе. І мы, узнагароджваючы Анджэя, узнагароджваем усіх і даем найлепшы доказ таго, што мы з Беларуссю, што мы думаем пра вольную Беларусь і будзем яе падтрымліваць.

РР: Гэты дзень адметны тым, што прынятая рэзалюцыя адносна сітуацыі ў Беларусі. Як Вы агулам ацэньваеце гэты дакумент?

Малгажата Гасеўска: Прынятая рэзалюцыя – вельмі моцная. Было б добра, каб яна была нарэшце рэалізаваная.  Раю з ёй азнаёміцца, бо там вельмі шмат важных пунктаў. І Лукашэнка ўжо не можа спаць спакойна, раней ці пазней яго і яго памагатых напаткае пакаранне.  

РР: Рэзалюцыя, за якую сёння прагаласаваў Еўрапаламент, называе рэжым Лукашэнкі саўдзельнікам у вайне супраць Украіны, а самога Лукашэнку – нелегітымным. Што гэта канкрэтна азначае і якія інструменты або механізмы гэта рэзалюцыя дае Еўразвязу адносна рэжыму ў Менску?

Малгажата Гасеўска: Ён будзе некалі асуджаны Міжнародным крымінальным судом у Гаазе за злачынствы супраць чалавечнасці. За кожныя пакуты маці, жонкі ці дачкі асуджанага. Будзем за гэта змагацца, збіраем сведчанні злачынстваў і давядзём гэта некалі да выканання.

РР: Незалежныя беларускія медыя, якія акурат узгадваюцца ў рэзалюцыі, у тым ліку і Беларускае Радыё Рацыя, якія формы падтрымкі для такіх СМІ прадугледжвае Еўразвяз пасля прыняцця такой рэзалюцыі? Чаго можам чакаць?

Малгажата Гасеўска: Гэта складаная тэма. Гэта пытанне, якім мы займаемся, якому было прысвечана папярэдняе паседжанне нашай дэлегацыі. Гэта тэма, якая нас непакоіць, бо з аднаго боку, сапраўды, вялікія еўрапейскія сродкі накіраваныя на падтрымку дэмакратычнай Беларусі, перадусім, на незалежныя медыя. З іншага боку, ваша радыё, “Хартыя’97” ці шэраг іншых вядомых арганізацый гэтых сродкаў ніколі не бачылі. Дайце мне яшчэ трохі часу, каб я больш падрабязней магла сказаць.

Ціханоўскія і Гасеўска ў Еўрапарламенце

Удзельнікі паседжання ў Еўрапарламенце

Па словах Гасеўскай, рэзалюцыя па Беларусі надае ЕЗ інструменты для ўзмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, падтрымкі незалежных СМІ і фармальнага прадстаўніцтва беларускай апазіцыі на міжнародных форумах. Па выніках галасавання Еўрапарламента дакумент быў прыняты пераважнай большасцю дэпутатаў. Супраць дакумента прагаласавала нязначная меншасць — асобныя дэпутаты, якія выказвалі сумневы адносна фармулёвак пра санкцыі або палітычных ацэнак Лукашэнкі. Устрымаліся некалькі дэпутатаў, пераважна з краін з больш мяккім падыходам да Менска ці асобнымі эканамічнымі інтарэсамі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя