BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўразвяз падрыхтаваў праект 16-га пакета санкцый супраць Расеі і Беларусі

Санкцыі плануюць ухваліць да трэцяй гадавіны расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварвання ва Украіну, якое падтрымаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Фота ілюстратыўнае з адкрытых крыніц

Як адзначаецца ў праектах рашэнняў, якія ёсць у распараджэнні Свабоды, Эўразьвяз прапануе забараніць пастаўкі ў Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць тэхналагічнаму ўдасканаленню сектара абароны і бяспекі Беларусі.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра прадукцыю, якую Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, неабходную для распрацоўкі, вытворчасці і падтрымання вайсковых сістэм, у тым ліку хімічныя прэкурсары для спецыяльных сродкаў, якія выкарыстоўваюць сілавыя органы, а таксама матэрыялы для вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў. Акрамя таго, прапануюць абмежаваць пастаўкі з Беларусі першаснага алюмінію, які выкарыстоўваецца для дыверсіфікацыі даходаў.

Забарона распаўсюджваецца на транзіт праз Беларусь тавараў, якія могуць садзейнічаць нарошчванню беларускіх прамысловых магутнасцей і машынабудавання.

Усю прадукцыю, пастаўкі якой прапануюць забараніць, падзялілі на 10 катэгорый:

  1. Электроніка – электронныя прылады і кампаненты, у тым ліку мікрачыпы, працэсары, інтэгральныя схемы, праваднікі, электрамодулі, абсталяванне і інш.
  2. Кампутары і спецыяльныя кампаненты для іх – не датычыцца тавараў для асабістага карыстання фізічных асоб.
  3. Тэлекамунікацыйнае абсталяванне – абсталяванне для працы пры надзвычай нізкіх і высокіх тэмпературах, сістэмы перадачы даных і іх кампаненты, рэтрансляцыйнае абсталяванне, транскодэры, абсталяванне для шыфравання і крыптаграфіі і інш.
  4. Датчыкі і лазеры – марское або наземнае акустычнае абсталяванне, здольнае выяўляць або вызначаць месцазнаходжанне падводных аб’ектаў, аптычныя датчыкі, камеры, аптычныя фільтры і інш.
  5. Навігацыя і авіятэхніка – бартавое абсталяванне сувязі, усе інерцыйныя навігацыйныя сістэмы для самалётаў і іншае авіяцыйнае абсталяванне і кампаненты.
  6. Судны, марскія сістэмы і іх кампаненты – тэлевізійныя сістэмы, падводныя тэлекамэры і інш.
  7. Аэракасмічныя ўстаноўкі і рухавікі – дызельныя рухавікі, трактары і спецыяльна распрацаваныя кампаненты для іх, колавыя і дарожныя цягачы грузападымальнасцю 9 тон і больш.
  8. Іншая прадукцыя – абсталяванне для здабычы або разведвання нафты, сістэмы кантролю газу і дэтэктары, абсталяванне для сейсмічных вымярэнняў, хімічныя рэчывы для электроннай прамысловасці і інш.
  9. Спецыяльныя матэрыялы і спадарожнае абсталяванне – хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад слезацечнага газу, дымавыя шашкі, балончыкі, гранаты і іншыя піратэхнічныя вырабы двайнога прызначэння, парашкі і фарбавальнікі для зняцця адбіткаў пальцаў, дазіметры і інш.
  10. Апрацоўка матэрыялаў – абсталяванне для выяўлення і ідэнтыфікацыі выбуховых рэчываў або дэтанатараў і інш.

У праектах рашэнняў Эўразьвязу адсутнічаюць прапановы пра персанальныя санкцыі адносна прадстаўнікоў улады Беларусі, камерцыйных і дзяржаўных кампаній.

Эўразьвяз таксама прапанаваў увесці санкцыі супраць расейскіх СМІ, у тым ліку дзяржаўнага агенцтва ТАСС, банкаў, гандлёвых суднаў, шэрагу расейскіх прадпрыемстваў, а таксама кампаній з Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Індыі, Ірана, Кітая, Турцыі і іншых краін за пастаўкі ў Расею прадукцыі двайнога прызначэння.