Еўразвяз узгадніў пакет фінансавай дапамогі Украіне — 50 мільярдаў еўра. Пра гэта ў чацвер паведаміў кіраўнік Еўразвяза Шарль Мішэль. Ён удзельнічаў у пасяджэнні Рады ЕЗ. Усе 27 лідараў дамовіліся.

“Гэта забяспечвае стабільнае, доўгатэрміновае і прадказальнае фінансаванне Украіны, — піша Шарль Мішэль. — ЕЗ бярэ на сябе лідарства і адказнасць у падтрымцы Украіны; ведаем, што пастаўлена на карту”.
На саміце ЕЗ, які адбыўся ў сярэдзіне снежня мінулага года, Венгрыя заблакавала вылучэнне дапамогі Украіне. Таму гэтае пытанне разгледзелі паўторна на спецыяльна скліканай сустрэчы.
СМІ нядаўна паведамлялі, што Еўразвяз гатовы падарваць эканоміку Венгрыі, калі яна зноў адмовіцца ўзгадніць дапамогу Украіне. І прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан не рызыкнуў.
ЕЗ плануе выдзеліць Кіеву да 2027 года 33 млрд еўра ў выглядзе крэдытаў і яшчэ 17 млрд еўра — у выглядзе грантаў.






