
Украіна здольная спыніць расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў яго імкненні яе знішчыць. Пра гэта заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэн на адкрыцці саміту NATO у Вашынгтоне, перадае Reuters.
Ён абвясціў пра перадачу Украіне пяці новых стратэгічных сыстэм супрацьпаветранай абароны. Акрамя таго, ЗША і саюзнікі перадаюць Украіне дзясяткі сістэм меншай далёкасці.
“Сёння я аб’яўляю пра гістарычную перадачу сродкаў СПА Украіне. ЗША, Нямеччына, Нідэрланды, Румынія і Італія ў бліжэйшыя месяцы перададуць Украіне абсталяванне для пяці дадатковых стратэгічных сістэм супрацьпаветранай абароны”, – заявіў Байдэн.
Ён запэўніў, што Украіна неўзабаве атрымае абсталяванне, у тым ліку сотні ракет-перахопнікаў. Акрамя таго, чакаецца, што ў бліжэйшыя месяцы ЗША і партнёры паставяць “дзясяткі” сістэм меншай далёкасці. Яны будуць ахвяраваныя, між іншым, Канадай, Нарвегіяй, Іспаніяй і Вялікабрытаніяй. Праграма дапамогі, абвешчаная ў Вашынгтоне, з’яўляецца найбольшай падтрымкай украінскай супрацьпаветранай абароны з пачатку вайны і падвоіць колькасць сістэм Patriot, якія ёсць ва Украіны.
Тым часам, як піша The Wall Street Journal – афіцыйныя асобы на саміце NATO у Вашынгтоне прызналі, што Еўропа і ЗША не паспяваюць вырабляць зброю, каб задаволіць усе патрэбы Украіны.
Таксама з’явілася інфармацыя пра тое, што ваенныя базы ЗША ў Еўропе былі пераведзены ў стан павышанай гатоўнасці з-за магчымых дыверсійных атак з боку асоб, звязаных з Расеяй. З такім сцвярджэннем выступіла тэлекампанія CNN са спасылкай на крыніцы.