BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўропа павярнула ўправа, а за ёй і Падляшша

Ваяводствы ўсходняй і паўднёва-усходняй Польшчы далі большую падтрымку Каралю Навроцкаму (кандыдата з падтрымкай  партый ПіС), чым Рафалу Тшаскоўскаму (кандыдату Грамадзянскай Кааліцыі). У сваю чаргу ў паўночных і заходніх ваяводствах (іх 10 на 16 усіх) перамог кандыдат Грамадзянскай Кааліцыі.

Але і ў саміх ваяводствах выбаршчыкі прагаласавалі па рознаму, хаця б у Падляшскім.

Тут, на спецыфіку праваслаўна-беларускіх раёнаў (гмінаў) і літоўскай гміны ў Пуньску, яшчэ далучыўся фактар ваенных адзінкаў у памежных раёнах. Для прыкладу ў Дубічах Царкоўных, бо пра іх таксама скажам ніжэй.

Нібыта ў маштабе ваяводства гэта аж такога значэння не мела, але ўжо па паветах і гмінах часам здавалася, што жывецца тут у двух светах.

У Падляшскім ваяводзтве ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў перамог Караль Наўроцкі. Яго падтрымалі 35,64 працэнта выбаршчыкаў. За Рафала Тшаскоўскага прагаласавала 23,31 працэнта тых, хто ўзяў удзел у выбарах. Трэцяе месца ў нашым рэгіёне заняў Славамір Менцэн, якога падтрымалі крыху больш за 17 працэнтаў  больш чым у маштабе краіны.

Чацвёртае месца ў рэгіёне займае Гжэгаж Браўн з падтрымкай 7,7 працэнта.

Адзіны павет на Падляшшы, дзе ў першым туры выбараў Караль Наўроцкі не перамог акрамя гарадоў, Беласток, Гайнаўка ці Бельск Падляшскі, гэта Гайнаўскі павет. Там, як і ў самой Гайнаўцы, выбаршчыкі часцей за ўсё галасавалі за Рафала Тшаскоўскага.

Кандыдат ад «Грамадзянскай платформы» перамог, набраўшы 33,31% галасоў падтрымкі ў Гайнаўскім раёне і 37,11 працэнта ў горадзе Гайнаўка, пры гэтым другога, Караля Наўроцкага, ў павеце падтрымлівае 18,70 працэнта.

Як і ў маштабе краіны, так і ў маштабе ваяводства, трэцяе месца ў Гайнаўцы заняў Славамір Менцэн. Кандыдат ад Канфедэрацыі атрымаў 18,25 працэнта галасоў у акрузе і 15,80 працэнта ў самой Гайнаўцы.

У Падляшскім ваяводстве самая нізкая яўка на прэзідэнцкіх выбарах зафіксаваная ў Сэйненскім павеце. Яна склала 55,02 працэнта. Менш за ўсё прагаласавала ў гміне Пуньск (49,55%). Тшаскоўскі там набірае больш за 36%, Наўроцкі амаль 21% і 17% з нечым Менцэн.

У гміне Пуньск выбарчым правам валодалі амаль 3,5 тысячы чалавек. Яўка там склала 49,55 працэнта. Ну і там пражывае больш за 70% літоўскага насельніцтва.

Бельскі павет – тут на яго ўсходзе гміна Орля, на захадзе гміна Браньск. Так блізка і так далёка (у самаўрадавых выбарах да рады павета адна выбарчая акруга).

Аналізуючы найслабейшыя вынікі кандыдатаў у асобных гмінах Падляшскага ваяводства, найгорш Караль Наўроцкі паказаўся ў гміне Орля – за яго прагаласавала 15,44 працэнта выбаршчыкаў. Там яго апярэдзіў Славамір Менцэн, які атрымаў 17,28% падтрымкі і Рафал Тшаскоўскі, які набраў 33,11 працэнта галасоў і перамог. Ну і ў Орлі яўка ніжэйшая як па краіне.

Цяпер пра  заходнія, польска-каталіцкія рэгіёны Падляшша.

Найменшы адсотак галасоў Рафал Тшаскоўскі атрымаў у гміне Клюкава – 5,52%, што забяспечыла яму чацвёртае месца. Там перамог Караль Наўроцкі з вынікам 59,72 працэнта, другім стаў Славамір Менцэн (19,58 працэнта), трэцім – Гжэгаж Браўн (8,35 працэнта).

З улікам галасавання ў асобных гмінах нашага рэгіёна Караль Наўроцкі дасягнуў найвышэйшага выніку ў гміне Браньск – 61,44 працэнта. Падобнага выніку дасягнуў у тым ліку і Наўроцкі ў гміне Кабылін-Бажымы Высока-Мазавецкага павета – 60,95 працэнта. У той жа гміне Славамір Менцэн стаў другім з 17,91 працэнта, трэцім – Гжэгаж Браўн з 10,32 працэнта галасоў выбаршчыкаў. Рафал Тшаскоўскі ў гміне Кабылін-Баржымы набраў 3,8% галасоў.

Такі ж парадак кандыдатаў у гмінах Едвабнэ, Клюкава, Новыя Пекуты, Саколы, Высока-Мазавецкае і Кулешэ Касцельнае, дзе перамагае Караль Наўроцкі, на другім месцы Славамір Менцэн і на трэцім Гжэгаж Браўн. У гміне Кулешэ-Касьцельне Гжэгаж Браўн набраў амаль 12 працэнтаў галасоў. Гэта раёны былога Ломжынскага ваяводства, цяпер у Паляшскім.

Ізноў беларуска-праваслаўныя часткі ваяводства.

Рафал Тшаскоўскі дасягнуў найвышэйшага выніку ў гміне Гарадок — больш за 39,13 працэнта, у Гайнаўцы — 37,11 працэнта, а ў Бельску Падляшскім — 34,42 працэнта.

Самы высокі вынік у Славаміра Менцэна ў гміне Дубічы Царкоўныя. Там ён выйграў выбары, набраўшы 32,86 працэнта. галасоў. На другім месцы Рафал Тшаскоўскі, на трэцім Караль Наўроцкі. Гэта адзіная гміна ў Польшчы, дзе перамог Славамір Менцэн.

Несумненна на вынік выбараў мела ўплыў тое, што тамака, у Дубічах, размешчаныя салдаты дзеля аховы мяжы перад гібрыднай вайной з боку Лукашэнкі і яго вымушаных мігрантаў з Азіі і Афрыкі.

Але не толькі. Гміна Дубічы Царкоўныя таксама населеная праваслаўнымі беларусамі, як суседнія гміны Орля і Чыжы. У Орлі і Чыжах перамагае Тшаскоўскі, але і Менцэн мае сяк-такую значную (больш за 17% у Орлі) падтрымку, зрэшты як і Гжэгаш Браўн (недзе пад 8%). Сам Наўроцкі толькі, ці аж 15%. У Чыжах адпаведна, Тшаскоўскі перамог – 31%, Менцэн мае 20% і Наўроцкі -14% з нечым, а Браўн больш за 9%. Значыць крайне правыя кандыдаты, Менцэн і Браўн, набралі вельмі шмат.

Карацей, не толькі фактар прысутнасці ваеннай адзінкі ў Дубічах,  напэўна, паўплываў на падтрымку правых кандыдатаў.  Яна ж найбольшая ў Дубічах Царкоўных. У Чыжах і Орлі ваенных няма, а падтрымка, што праўда меншая, але большая, чым сярэдняя ў ваяводстве і ў цэлым у краіне.

Відаць, штосьці ёсць на самой справе, але пакуль сам не ўпэўнены, што гэта такое. Ці сапраўды павяртаем управа?

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя