Група еўрапейскіх краін таемна працуе над планам адпраўкі сваіх вайскоўцаў ва Украіну, каб дапамагчы забяспечыць любую будучую мірную дамову з Расеяй.

Фота: Міністэрства абароны Францыі
Выданне AP даведалася, што кіруюць распрацоўкай плана Вялікабрытанія і Францыя, але іншых падрабязнасцяў няма. “Краіны, якія ўдзельнічаюць у працы, не хочуць раскрываць карты і даваць расейскаму дыктатару Пуціну перавагу, калі ён пагодзіцца на перамовы аб заканчэнні вайны”, – напісала выданне.
“Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці канкрэтных магчымасцяў, але я згодны, што калі будзе мір, то павінны быць нейкія гарантыі бяспекі для Украіны, і Вялікабрытанія адыграе ў гэтым сваю ролю”, – асцярожна заявіў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер.
Выданне адзначыла, што пытанне адпраўкі сваіх войскаў ва Украіну еўрапейцы пачалі вывучаць каля года таму, але зараз абмеркаванні паскорыліся з-за боязі, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа абысці іх, а магчыма, і Украіну, каб дамовіцца з Пуціным.
Выданне ўказала, што ў канцы мінулага года група еўрапейскіх лідараў сустрэлася з Зяленскім у рэзідэнцыі генсакратара НАТА Марка Рутэ ў Бруселі. Яны прыехалі з Вялікабрытаніі, Даніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Нідэрландаў і Польшчы. Таксама прысутнічалі высокапастаўленыя службовыя асобы Еўразвяза.