BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Еўропа ўзмацняе ціск на «ценявы флот» Расеі і яе саюзнікаў

Еўрапейскія краіны ўзмацнілі меры супраць нафтавых танкераў, звязаных з так званымі ценявымі флатамі Расеі і яе саюзнікаў. Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны.

Фота: pxhere.com

Паводле звестак агенцтва Bloomberg, 16 студзеня незарэгістраваны нафтавы танкер, які называў сябе Arcusat, змяніў курс у праліве паміж Даніяй і Швецыяй і накіраваўся ў бок нямецкіх водаў, пасля чаго ўзяў курс на поўнач — да арктычнага ўзбярэжжа Расеі. Вядучыя суднаходныя арганізацыі не змаглі пацвердзіць заяўленую рэгістрацыю судна. Танкер хадзіў пад рознымі сцягамі, у тым ліку Танзаніі і Камеруна.

Федэральная паліцыя Германіі адмовіла Arcusat ва ўваходзе ў тэрытарыяльныя воды краіны. Гэта стаў першы выпадак, калі еўрапейская дзяржава афіцыйна забараніла ўваход судну, звязанаму з ценявым флотам. Акрамя таго, Германія адмовіла ў праходзе праз свае воды яшчэ некалькім расейскім судам.

17 студзеня Італія затрымала судна пад сцягам Тувалу, якое незаконна перавозіла каля 33 тысяч тон расейскага чорнага металу пасля выхаду з тэрытарыяльных водаў Расеі ў Чорным моры. Паводле выдання Militarnyi, гаворка ідзе пра турэцкі сухагруз Hizer Reis, які ў лістападзе спыняўся ў порце Наварасійска і рэгулярна курсіраваў паміж турэцкімі і расейскімі партамі.

Аналітыкі адзначаюць, што еўрапейскія краіны ўсё больш паслядоўна ўзмацняюць ціск на судны, звязаныя з Расеяй і яе саюзнікамі. За апошнія месяцы дзясяткі танкераў каля ўзбярэжжа Венесуэлы перайшлі пад расейскія сцягі, а многія судны ценявага флоту Расеі трапілі пад санкцыі за перавозку грузаў у падтрымку іранскага рэжыму.