BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Еўропа зразумела, што бяспека Еўропы знаходзіцца ў руках самой Еўропы”

Госць Рацыі – намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Пра знешнепалітычныя падзеі і ўдзел у іх Беларусі размаўляе з палітыкам наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: У Еўропе адбыўся цэлы шэраг сустрэч, дзе абмеркавалі пытанне Украіны. Літаральна Дональд Туск сказаў пра тое, што ад учарашняга дня Еўропа змянілася, зараз яна будзе браць сама адказнасць за сваю бяспеку. Як вы ацэньваеце гэтыя працэсы і якое месца ў гэтых працэсах Беларусі ўвогуле? Бо мне падаецца, што я не чую пра Беларусь на гэтых еўрапейскіх форумах.

Павел Латушка: Галоўная прычына, чаму актывізаваліся знешнепалітычныя кантакты ўнутры Еўрапейскага звязу з удзелам Вялікабрытаніі, гэта апошнія рашэнні Злучаных Штатаў Амерыкі, якія, на жаль, накіраваныя на тое, каб паслабіць пазіцыю Украіны перад патэнцыйнымі перамовамі аб перамір’і альбо заключэння міру. Гэта пытанне бяспекі як для самой Еўропы, так і  гарантыі дадатковай бяспекі для Украіны. А таксама гарантыі, якія могуць быць рэалізаваныя, калі адбудуцца гэтыя перамовы аб перамір’і або міру.

Еўропа зразумела, і гэта ўжо адназначна можна сцвярджаць, што бяспека Еўропы знаходзіцца ў руках самой Еўропы. І прымаюцца рашэнні, ідуць ужо не толькі словы, не толькі заклікі адзін да аднаго як бы матывуючы адзін аднаго, а прынятыя рашэнні. 6 сакавіка ў Брусэлі было абвешчана аб дадатковых выдатках на павелічэнне абароназдольнасці Еўрапейскага звязу. Плануецца, што кожная краіна ў сярэднім павялічыць выдаткі на абарону на 1.5 працэнта, і гэта закумулюе на працягу чатырох гадоў 650 мільярдаў еўра. Дадатковыя 150 мільярдаў еўра будуць выдадзена ў якасці займаў краінам-чальцам Еўрапейскага звязу менавіта на мэты абароны і таксама будуць скарыстаныя магчымасці самаго бюджэту Еўрапейскага звязу. Так што тры крыніцы дафінансавання.

Дарэчы, важныя заявы на гэтым тыдні зрабілі і асобныя краіны – гэта Францыя, прэзідэнт Францыі Макрон фактычна падкрэсліў, што Расея з’яўляецца пагрозай для бяспекі Еўропы і Францыі. Прагноз, на жаль, несуцішальны і скіраваны на тое, што Расея можа пачаць вайну і ў адносінах да Еўрапейскага звязу, і Францыя да гэтага павінна быць гатовая. Францыя заявіла пра тое, што яна гатовая пачаць кансультацыі пра распаўсюджванне ядзернага парасону над краінамі-чальцамі Еўрапейскага звязу ў сувязі таксама з апошняй пазіцыяй Злучаных Штатаў Амерыкі.

Прэм’ер Польшчы ў пятніцу таксама зрабіў вельмі важную заяву. Усё гэта тычыцца нас, беларусаў, і ўсё гэта будзе ўплываць. Зараз адбываецца фактычна такі гістарычны пераломны момант. Фактычна ўсе ў Еўропе зразумелі, што разлічваць на еўраатлантычнае супрацоўніцтва немагчыма, яно перафарматавалася. Злучаныя Штаты Амерыкі фактычна пацвердзілі сваю пазіцыю, што яны не гатовыя гарантаваць бяспеку Еўропы і Еўропа павінна разлічваць на сябе. Таму і было вельмі моцнае выступленне Польшчы ў польскім парламенце, дарэчы, і прэзідэнт выказаў ініцыятыву ў Канстытуцыі зафіксаваць 4% выдаткаў на абарону. Гэта будзе абавязак кожнага ўраду, адбудуцца маштабныя ваенныя рэформы ў Польшчы, якія пачнуцца фактычна ў бліжэйшы тыдні. І Польшча плануе павялічыць сваю армію на 500 тысяч чалавек. Дарэчы, усё гэта кажацца ў кантэксце абароны. І калі я чую, напрыклад, такі тэзіс, што НАТА пашыраецца, то, прабачце, што значыць НАТА пашыраецца? НАТА не ініцыюе агрэсіі, не акупуе іншыя тэрыторыі. Гэта краіны, якія хочуць уступіць у Еўрапейскі звяз і ў НАТА выбіраюць свае ўрады дэмакратычным спосабам, урады праводзяць гэтую палітыку, у кожнай краіне адбываецца агульны рэферэндум па прыняцці рашэння пра ўступленне ў Еўрапейскі звяз і НАТА. І на падставе гэтых рашэнняў краіны стукаюцца ў дзверы альянсу с просьбай, каб іх прынялі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя