BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“ЕЗ трэба ініцыяваць гуманітарны дыялог з Менскам па вызваленні палітвязняў”

Госця Рацыі – Таццяна Хоміч – прадстаўніца КР, актывістка ў сферы правоў чалавека, сузаснавальніца Асацыяцыі родных і былых палітвязняў, грамадская дзяячка, сястра Марыі Калеснікавай.

У Парыжы адбылася важная палітычная падзея – сустрэчы ў рамках міжпарламенцкага Альянсу дэпутацкіх груп “За дэмакратычную Беларусь”.

РР: Якія гучалі важныя тэмы на гэтых сустрэчах? Якія ў вас уражанні ад іх?  

Таццяна Хоміч: Я думаю, што гэта вельмі важна, што такая сустрэча адбылася менавіта ў Францыі, нават у такі складаны палітычны час для гэтай краіны. Але гэта, нагадаю, упершыню адбылося такім складам, прадстаўнікі розных і палітычных структур, і грамадзянскіх структур прысутнічалі – гэта Офіс Святланы Ціханоўскай, і Кабінет, і Каардынацыйная Рада, але і прадстаўнікі каманды Віктара Бабарыкі, была я з Асацыяцыі, Анастасія Касцюгова, Валер Кавалеўскі, і група былых палітвязняў, якія яшчэ некалькі месяцаў таму былі за кратамі. Закранулі розныя пытанні: і пытанні пра будучыню Беларусі, і пра тое, што мы можам зараз зрабіць для вызвалення палітвязняў.  Гучалі розныя пазіцыі, розныя бачанні. Можна зразумець са складу ўдзельнікаў гэтай сустрэчы, што гэта была вельмі гарачая дыскусія.

РР: Якая з пазіцый для Вас бліжэйшая?

Таццяна Хоміч: Адная з панэляў была прысвечана пытанню палітвязняў. Там выступалі Сяргей Ціханоўскі, Ксенія Луцкіна, Дмітрыйс Міхайлаўс, таксама дачка Валерыі Касцюговай – Анастасія. І вельмі востра гучала пытанне наконт вызвалення палітвязняў, што можа зрабіць цяпер ЕЗ для вызвалення беларускіх палітвязняў. І канешне мая думка, і мяне падтрымалі былыя палітвязні,  што зараз трэба Еўразвязу ўключацца і ініцыяваць гуманітарны дыялог з уладамі Беларусі па пытанні вызвалення палітвязняў. Вельмі вострае пытанне задаў прадстаўнік з Латвіі, былы палітвязень Дмітрыйс Міхайлаўс, ён запытаўся ў еўрапейскіх парламентароў, чаму яго вызваленнем займаліся Злучаныя Штаты, а не Еўразвяз ці Латвія? І пытанне, што рабіць нам, беларусам, калі нават для сваіх грамадзян Еўразвяз не прыкладае намаганняў, каб іх вызваліць. І тут важнае пытанне, што апошнія месяцы шмат намаганняў па вызваленні палітвязняў робіць ЗША. І з майго пункту гледжання, Еўразвяз павінен не толькі сачыць і пытацца, што адбываецца, але таксама пачынаць гуманітарны дыялог з Менскам пра вызваленне палітвязняў. Бо Беларусь – гэта частка Еўропы. Мы дыскутавалі і на гэты конт, таму што для многіх палітвязняў гэта становіцца пытаннем жыцця і смерці. Нагадаю, у многіх тэрміны ад 10 да 25 гадоў. І людзі губляюць сваё здароўе. І гэта тычыцца і маёй сястры Марыі Калеснікавай, і Алеся Бяляцкага, і Віктара Бабарыкі. Але там пакутуе і вельмі шмат простых людзей, якія падтрымалі пратэсты ў 2020 годзе, напісалі каментар і за сваю грамадзянскую пазіцыю гадамі знаходзяцца  за кратамі.

РР: Што такое гуманітарны дыялог, як ён можа адбывацца? Можа нейкія ўмовы, можа нешта запрапанаваць Лукашэнку? Але ж гэта таксама будзе гандаль.

Таццяна Хоміч: Я насцярожана стаўлюся да гэтай фразы “гандаль палітвязнямі”. У мяне не павернецца язык так сказаць ні пра маю сястру, ні пра іншых палітвязняў. Яны і так пакутуюць, знаходзячыся ў турмах. Я думаю, гуманітарны ў сэнсе, што зараз у Беларусі фактычна гуманітарны крызіс. Гэта тычыцца людзей, якія знаходзяцца ў турмах. Размова можа быць пра саступкі, якія могуць зрабіць краіны Захаду для вызвалення людзей. Я думаю, што не павінна тут быць ілюзій – гэта адбывалася і будзе адбывацца  заўсёды, для таго, каб нечага дасягнуць, трэба рабіць саступкі. Трэба весці перамовы, рабіць прапановы, як мы бачылі зрабілі ЗША, кантакты, візіт, які адбыўся ў чэрвені спецпасланніка ЗША Келага. Магчыма, мэта візіту была іншая. Але гэта дазваляе вызваліць людзей. Я думаю, што трэба разглядаць розныя накірункі, саступкі, магчымасці, у тым ліку і адмену санкцый ці паслабленне санкцый, як гэта было з “Белавія”.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя