Еўразвяз выдаткуе 30 мільёнаў еўра на падтрымку беларускага дэмакратычнага руху. Пра новы пакет дапамогі аб’явіла камісар ЕЗ па пытаннях пашырэння Марта Кос на канферэнцыі высокага роўню “Разам з народам Беларусі”, якая праходзіць 12 снежня ў будынку Еўрапарламента ў Бруселі.

“Гэта – канкрэтны выраз нашай салідарнасці. Яна дапамагла, напрыклад, аказаць юрыдычную і медыцынскую падтрымку больш чым 3.000 ахвяр рэпрэсій, прадаставіць стыпендыі больш чым 3.000 студэнтам і падтрымаць тысячы бізнесаў у выгнанні”, — паведаміла яна. Па словах Кос, агульная сума падтрымкі ЕЗ з 2020 года складзе 170 мільёнаў еўра.