BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЕЗ заклікаў Кітай прымусіць Расею спыніць вайну ва Украіне

У Пекіне стартаваў саміт Кітай-Еўразвяз. Падчас сустрэчы са старшынёй Еўрапейскай рады Антоніу Кошта і кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляйен лідар КНР Сі Цзіньпін заклікаў зрабіць “правільны стратэгічны выбар”. У сваю чаргу лідары ЕЗ патрабуюць ад Кітая аказаць уплыў на Расею, каб пакласці канец вайне ва Украіне. Пра гэта піша Інтэрыя.

Кітай і Еўропа з’яўляюцца “канструктыўнымі сіламі, якія выступаюць за шматбаковасць і адкрытае супрацоўніцтва”, – заявіў Сі Цзіньпін. “Чым складаней і нявызначаней міжнародная сітуацыя, тым больш Кітай і ЕЗ павінны ўмацоўваць сувязь, умацоўваць узаемны давер і паглыбляць супрацоўніцтва”, – дадаў ён.

“Нам патрэбны канкрэтны прагрэс у гандлёвых і эканамічных пытаннях, і мы абодва хочам, каб нашы адносіны былі  узаемавыгаднымі”, – сказаў Антоніу Кошта ў пачатку сустрэчы. Ён заклікаў улады Пекіна выконваць асноўныя каштоўнасці, замацаваныя ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. “Мы заклікаем Кітай, пастаяннага сябра Савета Бяспекі ААН, выкарыстоўваць свой уплыў на Расію з мэтай пакласці канец агрэсіі супраць Украіны”, – заклікаў ён.

Увечары запланавана прэс-канферэнцыя лідараў ЕЗ, якая падвядзе вынікі саміту.