Рашэнне польскага ўрада “дазволіць Украіне як мага хутчэй атрымаць знішчальнікі F-16”, паведамляе unian.net.
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/07/1694690731-2023-1024x683.webp)
Урад Польшчы прыняў рашэнне, якое датычыцца атрымання Украінай знішчальнікаў F-16. Пра гэта прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.
Ён нагадаў, што напярэдадні сустрэўся з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі, каб абмеркаваць узмацненне абараназдольнасці Украіны.
“І сёння мы маем станоўчае рашэнне польскага ўрада ў пытанні, якое дазволіць Украіне як мага хутчэй атрымаць знішчальнікі F-16. Дзякуй, дарагі Дональд, за эфектыўнае выкананне нашых папярэдніх дамоўленасцей. Удзячны Польшчы за рашучую падтрымку Украіны”, – адзначыў Зяленскі.
У чым менавіта заключаецца рашэнне Польшчы, прэзідэнт не ўдакладніў.
Раней Зяленскі паведаміў, што абяцаныя краінамі Захаду знішчальнікі F-16 пакуль не прыбылі ва Украіну. Паводле яго слоў, Кіеў спадзяваўся, што ваенныя намаганні будуць узмоцнены прыбыццём самалётаў F-16, абяцаных саюзнікамі гэтым летам.
У той жа час ён падзякаваў за тое, што ўжо было перададзена Украіне, але падкрэсліў, што новыя знішчальнікі неабходны для таго, каб дапамагчы ўкраінцам супрацьстаяць дамінаванню Расеі ў паветры і “разблакаваць неба”.