Прадстаўнік фонда «Вільна Білорусь» («Вольная Беларусь») прыняў удзел у спатканні прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў Украіны з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Сустрэча адбылася ў Офісе Прэзідэнта ў Кіеве. Падрабязнасці распавёў кіраўнік фонда «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч:
-На сённяшні дзень, напэўна, на такім роўні мы адзіныя, як прадстаўнікі Беларусі, у Офіс прэзідэнта афіцыйна былі запрошаныя. Было падкрэслена, што гэта менавіта вынік нашай працы. Абмяркоўвалася шмат пытанняў адносна культуры, легалізацыі, асветы. Пытанняў было шмат. Там прысутнічалі і румыны, і армяне, азербайджанцы, татары, немцы, чэхі.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер-міністр па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны Вольга Сцефанішына, а таксама прадстаўнікі Дзяржаўнай службы Украіны па пытаннях этнапалітыкі і свабоды сумлення.
* * *
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі 17 нацыянальных суполак: азербайджанскай, арабскай, беларускай, балгарскай, армянскай, гагаузскай, грэчаскай, грузінскай, яўрэйскай, нямецкай, польскай, цыганскай, румынскай, турэцка-месхецінскай, венгерскай, харвацкай, чэшскай і трох карэнных народаў: караімы, крымчакі і крымскія татары.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных з рэлігійнымі святамі і надыходзячым Новым годам, пажадаў міру, а таксама паведаміў, што сёння падпісаў указ аб заснаванні ва Украіне Дня міжнацыянальнай згоды і культурнай разнастайнасці. Ён будзе адзначацца кожны год 21 траўня. Асобна прэзідэнт заклікаў нацыянальныя супольнасці ўнесці свой уклад у рэалізацыю бяспечнага і геапалітычнага выбару Украіны – сяброўства ў ЕЗ і НАТА.
Віцэ-прэм’ер — міністр па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі — міністр юстыцыі Вольга Стэфанішына нагадала, што ў студзені адкрыецца першы кластар перамоў па ўступленні ў ЕЗ, які таксама ахоплівае блок пытанняў гэтай сустрэчы. Паводле яе слоў, забеспячэнне большасці адукацыйных правоў нацыянальных супольнасцей ужо заканадаўча ўрэгулявана.

Па выніках сустрэчы ўдзельнікі прынялі Сумесную заяву, у якой падтрымліваюць План перамогі і План унутранай стабільнасці, а таксама паўнавартаснае сяброўства Украіны ў ЕЗ і НАТА. У гэтай заяве таксама падкрэсліваецца абсалютная непрымальнасць любых заклікаў з-за межаў Украіны пагадзіцца на незаконную акупацыю і анексію тэрыторый.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Офіса Прэзідэнта Украіны






