У Сейме Літвы ў Вільні пачаўся Форум Каліноўскага, на якім абмяркоўваецца еўрапейская будучыня Беларусі. Сёлета ён прысвечаны еўраатлантычнаму выбару Усходняй Еўропы і еўрапейскай будучыні для Беларусі. Удзельнікаў форуму асабіста вітаюць спікер літоўскага парламента Вікторыя Чміліце-Нільсэн і беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, па відэасувязі — спікер Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук. Свой відэазварот накіравала прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце.
Ціханоўская на Форуме Каліноўскага заклікала ізаляваць рэжым Лукашэнкі, але не беларускі народ. “Будучыня Беларусі за Еўропай, не за Расеяй. Не зачыняйце перад намі дзверы! — звярнулася Святлана Ціханоўская да краін Захаду. — І, калі ласка, называйце рэчы сваімі імёнамі. Лукашэнка — не прэзідэнт. Адрознівайце беларускі народ і рэжым”.
***
Сёння, 22 сакавіка, у літоўскім Сейме пройдзе чарговы Форум Каліноўскага. Яго арганізуюць Камітэт Сейма па замежных справах і Офіс Святланы Ціханоўскай, паведамляе reform.by.

У гэтым годзе форум будзе прысвечаны еўрапейскаму выбару Беларусі з улікам дэкларацыі беларускіх дэмакратычных сіл аб намеры інтэгравацца ў ЕЗ. На форуме прапануюць аргументы на карысць еўрапейскай будучыні ўсяго рэгіёна Усходняга партнёрства.
Арганізатары форуму ставяць за мэту выпрацаваць стратэгію заходніх краін, якая б вызначыла дакладныя крытэры інтэграцыі Беларусі.
Удзельнікаў форуму павітаюць прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ, спікер Сейма Вікторыя Чмілітэ-Нільсен і Святлана Ціханоўская, па відэасувязі сваё прывітанне ўдзельнікам форуму павінен перадаць старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук.
Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў парламентаў Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Ісландыі, Даніі, Эстоніі, ЗША, Італіі, Еўрапарламента, дыпламатаў Еўразвяза і краін ЕЗ, палітыкаў, экспертаў.
Форум будзе трансліравацца на YouTube-канале Сейма.






