BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Франак Вячорка: Наша заданне – трымаць Беларусь у міжнароднай павестцы

Франак Вячорка

Палітык Франак Вячорка пракаментаваў для нашага радыё прысуд музыку і радыёвядоўцу Алегу Хаменку:

– Гэта проста здзек, як распраўляюцца з найлепшымі, найвыбітнейшымі людзьмі Беларусі. Алег Хаменка павінен быць прызнананы народным артыстам, павінен быць ушанаваны ўсімі магчымымі ўзнагародамі, а не пасаджаны ў турму. Гэтая сітуацыя проста паказвае наколькі бесчалавечная і антыбеларуская гэтая ўлада. Калі яму помсцяць за працу на Беларускім Радыё Рацыя – гэта паказвае, наколькі важная праца беларускіх журналістаў. Рэжым ня можа прабачыць журналістам тое, што яны даносяць праўду.

Я спадзяюся, што нам удасца дабіцца справядлівасці ў Беларусі, усіх гэтых суддзяў, пракурораў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, удасца пакараць. І канешне ўсе ахвяры і Алег Хаменка ў тым ліку, будуць адноўленыя ў правах, рэабілітаваныя. І так будзе ў вольнай Беларусі.

РР: Ці бачыце вы ў гэтым прысудзе спробу ціску на беларускіх музыкаў, на культурных дзеячоў, уплыў на саму культуру ў Беларусі?

– Гэта індыкатар, індыкатар таго, што гэтая ўлада антыбеларуская, яна помсціць за беларускую мову, за беларускую культуру, за беларускае слова і журналістыку. Алег Хаменка – гэта сымбаль беларускай сучаснай культуры. Гэта чалавек, які з’яўляецца сымбалем Адраджэння Беларусі. Усё тое, супраць чаго Лукашэнка так зацята змагаецца. Ён спрабуе заганяць краіну ў “рускі мір”, а Хаменка сваёй творчай працай усё жыццё паказваў, што Беларусь – гэта Еўропа. Беларусь – самабытная незалежная краіна. Ну і таму такія людзі, як Алег, невыгодныя рэжыму.

Р.Р: Ці плануеце вы, як прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, рабіць захады ў падтрымку Алега Хаменкі ў міжнародным кантэксце?

Сёння мы ў Бруселі ўздымалі пытанне пра Хаменку. З раніцы была сустрэа з віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі. Пазней сустрэча з еўракамісарам па абароне. Заўтра кансультатыўная група з службай знешніх дзеянняў Еўракамісіі. І мы пачнем гэтую сустрэчу з апошніх прысудаў беларускім журналістам і абавязкова згадаем Алега Хаменку. Нам трэба “падсвяціць” гэты выпадак, таму што ён абсалютна драконаўскі. Ён драпежніцкі, ён шкодны, ён проста павінен зараз трапіць у міжнародныя медыі. Немагчыма дапускаць каб такія людзі, як Хаменка траплялі за краты паводле палітычных матываў.

Патрэбная пільная ўвага да рэпрэсіяў, да таго, што робіць рэжым. Таму што, калі Беларусь сыдзе з павесткі, гэтая сітуацыя з правамі чалавека, арыштамі, затрыманнямі, прысудамі – яны ня будуць у міжнароднай павестцы, то ніхто не будзе змагацца разам з намі за вызваленне гэтых людзей. Натуральна, мы працягваем працу з амерыканцамі па вызваленні і я спадзяюся, што Алег і іншыя журналісты, нядаўна засуджаныя, яны трапяць у спісы на вызваленне. Мы працуем над гэтым і спадзяемсяся, што будуць пазітыўныя навіны, спадзяюся, што бліжэйшым часам. І трэба падтрымліваць беларускую культуру, тых, хто працягвае працаваць у падполлі ў Беларусі ці ў выгнанні, пашыраць беларускае слова і традыцыю. Іх трэба падтрымліваць, каб беларусы падтрымлівалі сваё. Тыя, хто гэтым займаюцца, сапраўды шмат чым рызыкуюць. Выпадак Алега Хаменкі паказвае, што гэта такое ахвярванне, якое можа каштаваць свабоды. Наша заданне – паставіць яго ў цэнтр увагі.

Зараз за падзеямі ў Іране, за падзеямі ва Украіне, увагі менш да Беларусі. І мы, дэмакратычныя сілы, Ціханоўская, Кабінет, проста б’емся кожны дзень, каб гэтую ўвагу вярнуць. Мы працягваем гуманітарны трэк з амерыканцамі. І каб працягваўся ціск з боку Еўропы, бо калі ня будзе гэтага ціску, то ня будзе ніякіх вызваленняў. І нам трэба дабіцца спынення рэпрэсій, нам трэба выцягнуць людзей, але трэба дамагчыся, каб ніхто больш за краты не трапляў – ні Хаменка, Ні Янукевіч, ніводны ні журналіст, ні актывіст.

Беларускае Радыё Рацыя