BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фрыдман: Лукашэнка цікавы ЗША як «каларытны дадатак да РФ»

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што з нецярпеннем чакае сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам падчас наступнага пасяджэння Рады міру, падзякаваўшы “беларускаму лідару за вызваленне палітычных зняволеных”.

У нашым эфіры «Госць Рацыі» палітолаг Аляксандр Фрыдман разважае пра тое, што гэтае запрашэнне можа азначаць для Беларусі ў міжнародным кантэксце, а таксама каментуе нядаўні візіт Лукашэнкі ў КНДР, ролю калійных угнаенняў у фармаванні мясцовай палітыкі і прычыны, чаму пакуль не вызвалены Анджэй Пачобут.

Фота: pozirk

Пагаворым і пра тое, чаму Уладзімір Зяленскі не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай,  і ці можа вайна ў Іране цалкам «перацягнуць» фокус на сябе з Украіны і Беларусі:

РР: Якое месца займае Беларусь у сённяшняй геапалітычнай карціне?

Аляксандр Фрыдман: Я думаю, што Лукашэнка імкнецца пазіцыянаваць сябе кімсьці кшталту прадстаўніка гэтай восі аўтакратаў, на якой дамінуюць Кітай і Расея, да якой таксама належыць Паўночная Карэя разам з Іранам, Кубай, і таксама Беларусь, як свайго кшталту прадстаўніка гэтай восі на перамовах з амерыканцамі. Ён тым самым паказвае, што размаўляе з ЗША, у яго добрыя стасункі асабістыя, прынамсі, пакуль з амерыканскім прэзідэнтам, які досыць прыязна пра яго выказваецца. Ёсць спецпрадстаўнік Трампа па Беларусі і развіваюцца стасункі, нават гаворка ідзе пра супольныя бізнес-праекты. З другога боку, ён яшчэ і той, у каго  засталіся вельмі важныя партнёры на гэтай восі, з якімі ён гатовы размаўляць і якія гатовыя з ім размаўляць. І што ён можа быць свайго кшталту пасярэднікам, назавем гэта так. Вось ён і прапаноўвае сябе. Таму ён імкнецца размаўляць з амерыканцамі пра Іран. Напэўна, наступным разам, калі ў Менску з’явіцца дэлегацыя ЗША, будзе размаўляць з імі пра Паўночную Карэю і казаць, што ў яго ёсць таксама ідэі і варыянты.

РР: Ці можам мы сказаць, што на фоне такога пацяплення стасункаў з ЗША і запрашэннямі, візітам у КНДР, можа быць на гэтым фоне не адбылася афіцыйная сустрэча Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай?

Аляксандр Фрыдман: Думаю, што хутчэй за ўсё не. Таму што ва ўкраінцаў на сённяшні момант іншыя мэты. То бок, беларускі напрамак – ён адзін са шматлікіх і, безумоўна, не галоўны, калі трэба займацца, з пункту гледжання Зяленскага, больш перспектыўнымі і важнымі справамі, напрыклад, трэба было рыхтавацца да турнэ па Блізкім Усходзе, якое сапраўды вельмі важнае для Украіны. Таму такім рэчам аддаюць перавагу. Тым больш, што яны не патлумачылі, чаму яны гэта адмянілі. Але я не думаю, што гэта нейкім чынам звязана са зменамі да стаўлення да Беларусі. Проста, хутчэй за ўсё, знайшліся больш важныя, больш перспектыўныя напрамкі для Украіны.

РР: Калі мы кажам пра перспектывы ЗША ў Беларусі, што гэта можа быць – калійныя ўгнаенні ці штосьці яшчэ?

Аляксандр Фрыдман: Што тычыцца ЗША, то што яны падкрэсліваюць? Яны падкрэсліваюць, што галоўным для іх з’яўляецца пытанне беларускіх палітзняволеных. Гэта гучыць прыгожа і выглядае таксама і яны павінны гэта казаць, але ж трэба нейкім чынам тлумачць, чаму з такім адыёзным рэжымам, у якога такая рэпутацыя, размаўляюць. Таму нешта прадэманстраваць трэба. І вызваленне палітзняволеных дае такі добры фон. Але зараз, мне падаецца, усё больш і больш выходзяць на першыя ролі эканамічныя і палітычныя пытанні. Калі браць палітычныя пытанні, то тут Лукашэнка па-ранейшаму цікавы як крыніца інфармацыі з Масквы, як чалавек блізкі да Пуціна, такі досыць каларытны дадатак да Расейскай Федэрацыі. Я мяркую, што ўсе гэтыя кансультацыі і кантакты адбываюцца ў кантэксце выбудовы новых стасункаў з РФ. То бок, Лукашэнка можа быць ім цікавы ў гэтым кантэксце – сувязі з Расеяй і магчымая роля ў мірным урэгуляванні ва Украіне. Але Лукашэнку гэтага замала. Ён імкнецца амерыканцам прадэманстраваць, вось глядзіце, я ж магу вам не толькі пра Маскву расказаць, у мяне ў Кітаі ёсць сувязі, я і ў Паўночнай Карэі быў, а ў Іране ўвогуле мае сябры. І вось ён прапануе сябе як крыніцу інфармацыі.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя