BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фрыдман: Новая стратэгія ЗША нясе рызыкі для Беларусі

Новая «Стратэгія нацыянальнай бяспекі» ЗША, прадстаўленая адміністрацыяй Дональда Трампа, можа мець непасрэдныя наступствы для Беларусі. У дакуменце Менск не згадваецца наўпрост, але шэраг фармулёвак дазваляе зразумець, што Вашынгтон бачыць ролю краіны ў цені Масквы.

Аляксандр Фрыдман
Аляксандр Фрыдман

Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман падкрэслівае, што змяненне амерыканскай стратэгіі выглядае як падарунак Пуціну:

– Такі падарунак, бо з дапамогай гэтай стратэгіі ў Расеі з’яўляецца рэальны шанец дасягнуць той мэты, якую яшчэ ставіў Савецкі саюз пасля Другой сусветнай вайны, то бок выціснуць Злучаныя Штаты з Еўропы. Адмаўляюцца ад распаўсюджвання дэмакратычных каштоўнасцяў і падтрымкі дэмакратычных рухаў. І велізарнае пытанне: што Еўропа будзе з гэтым рабіць?

Фрыдман адзначае, што агучаная ЗША канцэпцыя «гнуткага рэалізму» адкрывае для Менска новае акно магчымасцяў, і ўлады Беларусі гэтым задаволеныя:

– Амерыканскі бок у падтрымцы дэмакратыі больш не зацікаўлены, не лічыць праблемай супрацу з рознага кшталту аўтарытарнымі рэжымамі. І выглядае так, што прызнае ўплыў Расейскай Федэрацыі ў еўрапейскім рэгіёне. Тут усё будзе залежыць ад таго, як будзе сябе паводзіць Лукашэнка і якая будзе ўвогуле цікавасць да Беларусі.

Палітолаг падкрэслівае, што менавіта тэма палітвязняў можа стаць адзіным рэальным пунктам для перамоў паміж Вашынгтонам і Менскам у найбліжэйшы час. У астатнім амерыканцаў, паводле Фрыдмана, «цалкам задаволіць» сітуацыя, пры якой Беларусь застаецца пад расейскім уплывам, але адкрытая да абмежаванага супрацоўніцтва з ЗША.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя