Электаральная кампанія ў Беларусі. Падпарадкаваны Аляксандру Лукашэнку МЗС заяўляе пра «грубае ўмяшанне ў суверэнныя справы Беларусі». Так прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз адрэагаваў на еўрапейскія заявы пра непрызнанне беларускіх так званых «выбараў». Нібыта ў міністэрстве аказалася заява Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якую плануецца агучыць пасля выбараў.

«Толькі выбары пачаліся, а там іх ужо асуджаюць і не празнаюць», выступіў перад журналістамі Анатоль Глаз:
– Ужо на гэтай стадыі відавочна, што праект з’яўляецца грубейшым умяшаннем у электаральныя працэсы суверэннай дзяржавы, не мае нічога агульнага з рэальнымі справамі і закліканы аказаць ціск на свабоднае волевыяўленне беларускіх грамадзян.

Беларускія чыноўнікі, вядома, не звяртаюць увагу на галоўныя аргументы еўрапейскіх палітыкаў. А гэта рэпрэсіўная атмасфера ў краіне. Як заўважае былы дыпламат Валерый Кавалеўскі,паводле пратаколаў і сапраўды варта было б дачакацца вынікаў выбараў, але ў Беларусі палітычная сітуацыя відавочная:
– Гэтая кампанія ніякім чынам не адпавядае міжнародным стандартам і нават уласнай Канстытуцыі ў Беларусі. Асабліва ва ўмовах, калі ў турмах знаходзяцца тысячы палітзняволеных. І лідары палітычнай апазіцыі таксама знаходзяцца. Яны не могуць прыняць удзел у выбарах ці праз тое, што яны ў зняволенні, ці тое, што яны знаходзяцца за мяжой. Ужо вельмі моцна абмежаваная магчымасць для ўдзелу ў гэтай кампаніі. Няма ўмоў, фундаментальныя правілы правядзення выбараў не выкананыя.
Прадстаўнікі Вугоршчыны і Славаччыны не спяшаюцца падпісваць супольны зварот краін Еўразвязу адносна непрызнання прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць прайсці ў Беларусі 26 студзеня. Такая інфармацыя з Бруселю. Тым часам асобныя еўрапейскія краіны выступаюць з заявамі пра непрызнанне выбараў. Напярэдадні гэта зрабілі парламенты Польшчы і Латвіі.
Беларускае Радыё Рацыя






