BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ганна Канюс: Ніякай канкурэнцыі, ніякай разнастайнасці няма

25 лютага ў Беларусі адбудзецца так званы адзіны дзень галасавання. Якая асаблівасць гэтых “выбараў”? І ці можна іх увогуле назваць выбарамі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Госця Рацыі –  грамадская актывістка і палітолаг Ганна Канюс у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Як адбываюцца “выбары”? Якая самая галоўная рыса “выбараў”, якія адбываюцца ў Беларусі і ці можна ўвогуле іх назваць выбарамі?

Ганна Ка­­­­­нюс: Кампанія палітычна-інфармацыйная, я б так сказала. Гэта кампанія больш такая палітычная, чым выбары. Бо калі так прааналізаваць гэтую агітацыйную кампанію, прааналізаваць тое, як былі вызначаныя гэтыя кандыдаты ў дэпутаты, то можна заўважыць шмат цікавага. Па-першае, на кожнай акрузе па два кандыдаты. І больш за тое гэта ўсё кандыдаты ад партыі “Белая Русь” альбо ад тых, якія засталіся зарэгістраванымі. І тое, што іх праграмы, то бок тое, з чым яны звяртаюцца да выбарцаў, амаль аднолькавыя. Але можна заўважыць, што ў аднаго больш дакладна і добра зроблены вось гэты агітацыйны матэрыял, тая праграма, а ў другога – не. То бок не відавочным, непрафесійным позіркам заўважна, што адзін – гэта спойлер, а другі – будучы дэпутат.

Тое, што на гэтай кампаніі ўлады прымушаны былі выходзіць у пікеты і хоць як агітаваць насельніцтва, каб яны прыйшлі на гэтыя выбарчыя ўчасткі. Тыя ўсе ролікі і тая інфармацыйная хваля па ўзбуджэнні насельніцтва вяла да таго, каб яны прыйшлі на гэтыя выбарчыя ўчасткі.

РР: Хочацца адзначыць, што гэта акурат пасля пратэстаў 2020 года першыя выбары. Калі згадаць папярэднія выбары, то былі заўжды прадстаўнікі ад апазіцыйных палітычных партый, былі незалежныя кандыдаты. Як цяпер выглядае сітуацыя?

Ганна Канюс: Цяпер выглядае сітуацыя так, што на этапе рэгістрацыі кандыдатаў насамрэч былі яшчэ не па два кандыдаты на акрузе, а па тры і па чатыры, і нават па пяць на некаторых. Але зарэгістраваныя былі толькі два альбо тры. Гэта максімальная колькасць кандыдатаў, я так назіраю па Берасцю, напрыклад. І шмат каго проста “зарэзалі” на ўзлёце, таму канкурэнцыі як такой няма ўвогуле. Няма вось гэтай альтэрнатывы, няма альтэрнатыўнага бачання.

Увогуле нават у праграмах кандыдатаў няма вось гэтай рыторыкі менавіта партыйнай, бо большасць кандыдатаў – гэта кандыдаты ад “Белай Русі”. Але нават няма таго пункту, што “мы з нашай партыяй штосьці будзем рабіць”. Ёсць толькі “я сябра “Белай Русі” альбо я там старшыня якога-небудзь узроўню”. Усё астатняе засталося па-за межамі. Мы ўсе падтрымліваем, мы ўсё гэта – і кропка, ніякай канкурэнцыі, ніякай разнастайнасці, можна сказаць, што ніякага выбару і няма. Нават з тых кандыдатаў, якія прадстаўленыя на кожным участку.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com