BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ганна Красуліна: Пакуль мы не спынім дыктатуры, палітвязні будуць паміраць

Якія вынікі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, у якой прымала ўдзел Святлана Ціханоўская? Пра што гаварыла Святлана Ціханоўская з Юліяй Навальнай? Якая рэакцыя свету на смерць Аляксея Навальнага?

На гэтыя і іншыя пытанні адказала нашаму радыё прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

РР: Перад тым, як я распытаюся пра нейкія падсумаванні, пра вынікі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, у якой прымала ўдзел Святлана Ціханоўская, я хачу распытаць пра канкрэтны эпізод, што адбыўся ў межах гэтай канферэнцыі, вельмі знакавая сустрэча, і здымкі, і кароткае відэа абляцела ўсясветныя медыі, і беларускія, і расейскія ў тым ліку. Я маю наўвеце сустрэчу Святланы з Юліяй Навальнай, жонкай Аляксея Навальнага. Як я разумею, на момант сустрэчы, гэта адбылося ў пятніцу, яшчэ не было такога поўнага пераканання ў тым, што галоўнага апанента Пуціна, – Навальнага, – ужо няма, так?

– Можа не было пераканання, але ўжо была гэтая навіна і было зразумела, што вялікая імавернасць таго, што ён быў забіты пуцінскім рэжымам.

РР: Я бачыў на відэа, як Юлія нешта эмацыйна, жэстыкулюючы, расказвае Святлане. Можа вы ведаеце нейкія дэталі пра што яны гаварылі? Пагатоў, яны абедзве жонкі палітзняволеных.

– Так, яны абедзве жонкі палітзняволеных, тых, хто ёсць галоўнымі апанентамі рэжымаў, адзін лукашэнкаўскага, другі пуцінскага. Яны, як жонкі гэтых людзей, што сталі ахвярамі гэтых рэжымаў. І вось, мы бачым, што для Навальнага гэта скончылася вось так. Вядома, гэтая сустрэча спачатку планавалася, як непублічная. І тут так, яны сам-насам, як дзве жанчыны, што маюць дзетак, якіх трэба выхоўваць без бацькі, што таксама вельмі вялікая частка іхных жыцця, болю. Гэта была сустрэча двух жонак палітзняволеных, знакавых апанентаў рэжымаў, Пуціна і Лукашэнкі.

РР: Як слушна заўважыла, цяпер ад рэакцыі свету на тое, што здарылася ў калоніі з Навальным, залежыць лёс беларускіх палітвязняў, але на гэты момант, можа, бо выходныя дні ідуць, мы не бачым яўнай рэакцыі. І той жа прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які ў 2021 годзе, прыгадваюць ягоныя словы, які абяцаў катастрафічныя наступствы, у выпадку забойства Навальнага, цяпер ён кажа, што сітуацыя за тры гады змянілася, і яны абдумваюць варыянты, але незразумела якія. Што можна пра гэта сказаць?

– Свет бачыць, што адбываецца. Гэта вялікі выклік. Гэта заканамерны вынік існавання дыктатуры, і так і будзе, пакуль мы іх не спынім. Толькі так. І менавіта пра гэта гаварыла Ціханоўская, і на сустрэчах, і на публічных, і на непублічных, і нават са сцэны канферэнцыі. І цяпер ужо ўсё больш і больш свет на гэта адклікаецца. Як я разумею, Святлане ўдаецца гэта данесці да палітыкаў усяго свету. Гэта галоўны вынік ейнай працы.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

З прэс-сакратаркай Святланы Ціханоўскай Ганнай Красулінай размаўляў Стась Дадрэка.

Беларускае Радыё Рацыя