Апеляцыйны суд у Белградзе разгледзеў скаргу беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта на рашэнне аб экстрадыцыі. Таксама ў Белградзе сабраліся беларусы, каб падтрымаць Андрэя. З намі на сувязі прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ) Марыя Колесава-Гудзіліна і юрыстка, сузаснавальніца дабрачыннай ініцыятывы “Партызанка” Ганна Маціеўская.

РР: Перапісваўся з Андрэем, ён сказаў, што вы ўсё нам раскажаце пра гэты суд. Самая найважнейшая інфармацыя менавіта ў вас, бо ён вырашыў узяць невялічкую паўзу. Спадарыня Марыя, ці можна неяк коратка апісаць усю гэту сітуацыю?
Марыя Колесава-Гудзіліна: Андрэй Гнёт – гэта беларускі журналіст і рэжысёр, які ў 2020 годзе не застаўся ў баку і дапамагаў незалежным спартоўцам, ён з’яўляецца сузаснавальнікам ініцыятывы SOS.by, дапамагаў запісваць звароты ад спартоўцаў, рыхтаваць лісты, удзельнічаў у маршах і так далей. Вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, як і многія беларусы. Прыехаў у Сербію на здымкі камерцыйнага праекту і затрыманне адбылося дастаткова хутка. Але ўсё гэта доўжыцца працяглы час, у кастрычніку будзе год. Яго затрымалі ў аэрапорце Белграда па запыце Інтэрпола, па эканамічнай справе па падатковай крымінальнай справе. Зараз ён быў у турме, праз 7 месяцаў і 6 дзён яго адпусцілі пад “хатні арышт”. Сёння адбылося паседжанне. Рашэнне абвесцяць у наступныя 3-4 тыдні. У нас дастаткова вялікая каманда юрыстаў, якая працуе. Вялікая каманда сербскіх юрыстаў, якія былі сёння ў Белградзе. Мы, на жаль, не можам паехаць у Белград, таму што мы таксама маем крымінальны пераслед.

РР: Справа Андрэя Гнёта, яна ўнікальная? Бо былі выпадкі, калі затрымлівалі людзей на тэрыторыі краінаў, якія дружалюбныя да Аляксандра Лукашэнкі.
Ганна Маціеўская: Я лічу, што так. Перш за ўсё ёсць некалькі крытэраў, чаму гэтая справа ўнікальная. Перш за ўсё – гэта час. У суме Андрэй знаходзіцца ўжо амаль што 10 месяцаў у Сербіі. Ён пазбаўлены свабоды, бо хатні арышт – гэта таксама пазбаўленне волі. Другое, трэба тут адрозніць, напрыклад, крымінальныя кейсы і дэпартацыйныя, або міграцыйныя. Бо ў міграцыйных кейсах ёсць магчымасць вельмі часта дабравольна пакінуць тэрыторыю краіны. Так, напрыклад, адбываецца ў тых, хто мае пагрозу нацбяспецы ў Літве. Яны пераязджаюць у Польшчу і могуць гэта зрабіць дабравольна, альбо ў Грузію. І трэцяе, найважнейшая рэч, якая адрознівае гэты кейс ад усіх іншых, што суд у Белградзе першай інстанцыі два разы пастанавіў аб тым, каб экстрадаваць Андрэя. То бок, ужо два разы была спроба яго экстрадаваць, але мы і каманда юрыстаў карысталіся законнымі мерамі, каб гэтага не адбылося. І цяпер апеляцыйны суд мае гэтыя 30 дзён, суддзі таксама атрымалі дадатковя аргументы і дадатковыя доказы, якія з’явіліся пасля таго, як была пададзена апеляцыя, і гэта таксама час на тое, каб яны з імі маглі азнаёміцца, абмеркаваць гэтае рашэнне і яго вынесці. І тут па-сутнасці ёсць тры асноўныя варыянты: суд можа вярнуць справу да суда першай інстанцыі, каб ён яшчэ раз разгледзеў гэтую справу больш дэталёва, альбо вынесці свой прысуд, які можа быць у двух накірунках – альбо прызнаць экстрадыцыю, альбо адмяніць яе. Таму я лічу шчыра, што справа ўнікальная. І здаецца, што палітычны кантэкст, канешне, не дапамагае ў гэтай справе. Нягледзячы на тое, што Сербія знаходзіцца ў Радзе Еўропы і кандыдуе да ЕЗ, усё ж такі там ёсць даволі вялікае прарасейскае лобі і ўплывы прарасейскія. І гэтага мы насамрэч баімся. І вельмі разлічваем на тое, што суд вынесе прыгавор, які базуецца на юрыдычных нормах.
Цалкам гутарка:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя