Расейскі газавы манапаліст “Газпрам” абвесціў пра спыненне паставак газу ў Малдову.
Як гаворыцца ў паведамленні “Газпрама”, прычына – нібыта адмова Малдовы ўрэгуляваць запазычанасць за пастаўкі газу.
“У сувязі з гэтым ПАТ «Газпрам» з 08:00 МСК 1 студзеня 2025 г. уводзіць абмежаванне паставак прыроднага газу ў Рэспубліку Малдова да 0 куб. м у дзень. Абмежаванне будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль ПАТ “Газпром” пісьмова не паведаміць АТ “Малдовагаз” аб іншым”, – гаворыцца ў паведамленні.
Характэрна, што ў паведамленні “Газпрома” няма згадкі аб тым, што ў гэты ж час – 07:00 паводле Кіева – Украіна спыняе транзіт расейскага газу па сваёй тэрыторыі.

Прэм’ер-міністр Малдовы Дорын Рэчан, каментуючы ў “Фэйсбуку” пастанову расейскага “Газпрома” спыніць пастаўкі газу з 1 студзеня 2025 года, не выключыў звароту ў міжнародны арбітраж у сувязі з гэтым.
Як паведамляе “Еўрапейская праўда”, са слоў малдаўскага прэм’ера, пастанова “Газпрома” “пацвярджае намер Крамля пакінуць жыхароў прыднястроўскага рэгіёну без святла і цяпла ў разгар зімы”.
“Расея выкарыстоўвае энергетыку як палітычную зброю, ператвараючы насельніцтва Прыднястроўскага рэгіёну, які яна кантралюе праз сваё незаконна размешчанае войска, у закладніках”, – падкрэсліў ён.
Рэчан дадаў, што ўрад Малдовы “не прызнае ніводнай запазычанасці, якія былі прызнаныя несапраўднымі міжнародным аўдытам”.
Ён таксама расказаў, што Малдова дыверсіфікавала крыніцы паставак газу, каб зменшыць залежнасць ад адзінага пастаўшчыка для правага берага.
Рэчан запэўніў, што краіна гатова справіцца з любой сітуацыяй, якая ўзнікне ў выніку пастановы Крамля.
“У той жа час урад старанна прааналізуе прававыя магчымасці, уключаючы зварот у міжнародны арбітраж для абароны нашых нацыянальных інтарэсаў і атрымання кампенсацыі праз пастанову Крамля, што выклікае эканамічныя страты і паўплывае на бяспеку грамадзян Малдовы”, – рэзюмаваў прэм’ер Малдовы.
Фота: Фэйсбук Дорына Рэчана






