Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько сустрэўся з паслом Украіны па асобых даручэннях у Беларусі Ігарам Кізімам. Размова ішла ў тым ліку і пра прымірэнне беларускага і ўкраінскага народаў за некалькі гадоў на фоне вайны ва Украіне, а таксама супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка, пагутарыла з кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзем Манько пра тое, якія вынікі сустрэчы са спадаром паслом; наколькі рэальны і наогул патрэбны трохкутнік «афіцыйны Кіеў – афіцыйны Менск – беларускія дэмсілы»; над чым зараз працуе Місія ў Кіеве і з якімі пытаннямі да яе могуць звяртацца беларусы ва Украіне.
РР: Распавядзіце, калі ласка, як прайшоў візіт пасла Ігара Кізіма ў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве?
Генадзь Манько: Добрая ў нас адбылася гутарка, мы больш за тры гадзіны змаглі паразмаўляць. Я і да гэтага сустракаўся з Ігарам Кізімам, мы былі на сходзе экспертаў, пагутарылі, пазнаёміліся. Я быў адным з тых падпісантаў, якія сумесна з беларуска-ўкраінскай экспертнай супольнасцю пісалі ліст на імя прэзідэнта Зяленскага, каб быў прызначаны такі чалавек, спецпрадстаўнік. Гэтым спецпрадстаўніком стаў Ігар Кізім. Я лічу, што вельмі адукаваны чалавек, які добра ведае гэтае пытанне, разумее. Лічу гэта вялікім плюсам для нас.
Паразмаўлялі, у яго зараз сітуацыя такая – ён спрабуе зразумець структуру дэмакратычнай супольнасці, разбіраецца хто-што, якія праходзяць працэсы. Мы размаўлялі і пра Офіс Святланы Ціханоўскай і пра АПК, КР што з сябе ўяўляе, пагаварылі мы і пра “каліноўцаў”. Самае галоўнае – гэта быў пошук, якія ў нас агульныя наратывы, чым мы можам быць карысныя адно аднаму.
Пагутарылі, дамовіліся, для сябе напісалі такую схему, дамовіліся яшчэ, буду з ім стэлефаноўвацца паўторна, я там падрыхтаваў дакументы пра тое, якія б мы маглі знайсці аб’яднаючыя фактары, каторыя маглі б спрацаваць на будучае.
Добрая і працяглая гутарка, вельмі падрабязнае вывучэнне бакоў праходзіць такое.
РР: Ці настойваў пасол на аб’яднанні ўсіх дэмакратычных сілаў, бо на той канферэнцыі, што была ў Кіеве “Шлях да волі” было такое пытанне як падпісанне мемарандуму. І пасля ўжо эксперты па Кіеве казалі, што важна, каб у беларусаў быў адзін такі прадстаўнік, з кім можна весці дыялог. Як вы зараз бачыце, сапраўды варта аб’ядноўвацца ці Украіна і так можа паразумецца з усімі бакамі дэмакратычных сілаў у выгнанні?
Генадзь Манько: Заўжды прасцей, калі ёсць адзіны цэнтр, дзе можна размаўляць з кімсьці і вырашаць усе пытанні. Я думаю, што ў цяперашніх умовах гэта пакуль немагчыма. Самае галоўнае, што ёсць разуменне, што мы працуем і адзін аднаму не перашкаджаем, стараемся нейкія агульныя рэчы вырашаць сумесна.
Так, ён прагаворваў гэтае пытанне і хацеў зразумець для сябе, якая ступень адносін, наколькі гэта ўсё можа камбінавацца. На наступны дзень пасля сустрэчы са мной ён паехаў у Полк імя Кастуся Каліноўскага. Там адбылася таксама добрая гутарка. Я з “каліноўцамі” размаўляў пасля гэтага.
Пакуль добрае ўражанне, зараз паспрабуем намаляваць для сябе нейкую сумесную праграму. То бок нам патрэбныя яшчэ тут тыдні два, каб мы штосьці распісалі, каб у нас была дарожная карта.
Канешне, украінскі бок хацеў бы бачыць агульны нейкі цэнтр, але яны таксама разумеюць, што гэта складана. Тым больш, што тут ёсць і вайсковая структура, якая знаходзіцца ў шэрагах ЗСУ, і шэраг грамадзянскіх арганізацый, якія працуюць на тэрыторыі Украіны, валанцёраў, якія жывуць тут, беларуская дыяспара. Таму спрабуем выйсці ў такі нулявы стан: не сварыцца, не высвятляць, не разбірацца, а наадварот знайсці нейкія агульныя кропкі, каб дапамагаць адно аднаму.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Генадзя Манько