BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Генадзь Манько: Украіна паказала, што можа самастойна праводзіць такія аперацыі

Сітуацыя з вайной ва Украіне і перамовамі пакуль што мае неадназначны характар. Апошняя атака ўкраінскіх дронаў расейскіх аэрадромаў – таму доказ. У гэтым перакананы Госць Рацыі, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько.

Фота: скрыншот.

РР: На цяперашні момант, вашымі вачыма, як выглядае сітуацыя з вайнай ва Украіне і з перамоўным працэсам?

Генадзь Манько: На сённяшні дзень пераварот у хаду падзей прынесла гэтая паспяховая аперацыя, якая адбылася першага чэрвеня. Яе праводзіла Служба бяспекі Украіны. Аперацыя вывела са строю стратэгічныя бамбавікі Расейскай Федэрацыі. Пакуль з таго, што мы ведаем, прыкладна 41 самалёт пацярпеў. 13 знішчана цалкам, астатнія пашкоджаныя. Таму сітуацыя вельмі цікавая. Яна ўнесла свае карэкціроўкі.

Мэта аперацыі была – ліквідаваць стратэгічныя бамбавікі, якія выкарыстоўваюцца для ракетных удараў па Украіне. Гэта тая група, якая ўваходзіць у ядзерную трыяду Расейскай Федэрацыі, якая можа наносіць ядзерныя ўдары. На працягу гэтых гадоў з яе дапамогай рабіліся ўдары крылатымі ракетамі па Украіне. Гэта ў асноўным бамбавікі Ту-95Мс, Ту-22М3, Ту-160. Таму на самой справе адбылася вельмі сур’ёзная аперацыя, якая праводзілася з выкарыстаннем дронаў са штучным інтэлектам. Навучанне ШІ адбывалася на базе Палтаўскага музея, там яшчэ ад Савецкага Саюза засталася тэхніка, што адносілася да ядзернага ўзбраення. Навучалі ШІ распазнаваць па контурах гэтыя самалёты. Затым гэтыя дроны ўдалося даставіць у Расейскую Федэрацыю. У кожным кантэйнеры было па 36 дронаў. Гэтыя дроны змаглі падвезці непасрэдна да аэрадромаў на фурах. Ад Украіны да некаторых аэрадромаў адлегласць была 4000 км.

РР: Можам мы з вамі назваць гэта новым этапам у вайне Расеі і Украіны?

Генадзь Манько: Гэта новы этап адназначна, таму што ён памяняў расклад. Па-першае, ён нанёс сур’ёзныя страты. Ну яшчэ і таму, што паказвае, пра новую тактыку вайны. Сам дрон каштуе 300-500 даляраў. А такі самалёт – 50-100 мільёнаў. Агульныя страты Расеі ад гэтай атакі складае больш за 7 млрд даляраў. І таксама гэта паказала, што Украіна можа самастойна праводзіць такія аперацыі, якія наносяць вельмі істотныя страты.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя