Ці ёсць аб чым дамаўляцца Украіне і Расеі? Якая магла б быць у гэтым працэсе роля беларускага боку? Якія чырвоныя лініі ў дамоўленасці для кожнага з бакоў? Над адказамі на такія пытанні разважае наш сённяшні Госць Рацыі, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько ў гутарцы з Алісай Поль.

РР: Як Вы ацэньваеце ход перамоўных працэсаў зараз?
Генадзь Манько: ЗША і Украіна як бы вызначылі свае пазіцыі. Яны сустракаліся ў Арабскіх Эміратах. І дамовіліся пра спыненне на 30 дзён. Тут ёсць разуменне. У той жа час ідзе паралельна дыялог ЗША з Расеяй. Перамовы ідуць, і я думаю, што спыніцца яны ўжо не змогуць. Я думаю, што ў бліжэйшы час будзе спынена вайна. Гэта не значыць, што будзе падпісана дамова пра мір. Магчыма, будуць прэтэнзіі. Таму што ніхо не прызнае тэрыторыі, якія зараз анэксаваныя Расеяй. У сілу нейкіх умоваў будзе дамоўленасць пра спыненне баявых дзеянняў. У дадзены момант баі ідуць. Складаная сітуацыя была ў Курскай вобласці. Частка ўкраінскіх войскаў выйшла, а частка трапіла ў акружэнне. Частка ўкраінскіх войскаў застаецца на тэрыторыі Курскай вобласці, і частка расейскіх войскаў зайшла ў Сумскую вобласць. Таму сітуацыя складаная. Пакуль ідуць перамоўныя працэсы, працягваюцца абстрэлы тэрыторый, па расейскай тэрыторыі масіраваныя атакі дронамі былі. Я думаю, што асноўныя пазіцыі вызначаны за кадрам, і ў бліжэйшы час будзе прынятае рашэнне.
РР: Як Вы думаеце, пасля перамоваў ЗША і Украіны, ці ёсць аб чым дамаўляцца і размаўляць Украіне з Расеяй?
Генадзь Манько: Ім у любым выпадку трэба пра нешта дамаўляцца, таму што зараз сітуацыя такая, што два бакі працуюць на знясіленне, яны ўперліся і ніхто сітуацыю змяніць не можа. Галоўны гулец – гэта ЗША. Трэба дамаўляцца пра тое, каб не гінулі людзі. Якім чынам далей будуць выбудоўвацца адносіны, тут , я думаю, закрытая частка. Амерыканцы настойваюць, што выбары мусяць адбыцца і з розных крыніц інфармацыя, што ўсё ж такі яны Зяленскага хацелі б прыбраць. То бок, два бакі на сённяшні дзень – і Расея, і ЗША не вельмі схільныя да дыялогу з Зяленскім. Насамрэч ніводзін бок не прыняў дакументы, дзе б называў вайну вайной. З расейскага боку гэта называецца СВА, а з украінскага боку гэта называецца ваеннае становішча. Для таго, каб прайшлі выбары, трэба выйсці з гэтага ваеннага становішча. Я думаю, што будзе падрыхтоўка да выбараў. Я думаю, у канцы красавіка адбудзецца спыненне баявых дзеянняў. І далейшае развіццё падзей будзе наступнае: Украіне паставяць умову правесці выбары, і далей усе дамоўныя працэсы будуць прапісвацца з новым кіраўніцтвам легітымным. Зараз паціху ідзе ўсведамленне таго, што спыненне баявых дзеянняў непазбежнае і няма сіл ваяваць да апошняга. Таму трэба вырашаць, і пераходзіць да перамоўных працэсаў.
Перамовы ЗША, Украіны і Расеі па дасягненні міру ва Украіне пачаліся яшчэ ў лютым бягучага года. Амерыканскі бок настойвае за заключэнні перамір’я да Вялікадня. А на сустрэчах у нядзелю і панядзелак, 23 і 24 сакавіка, у Эр-Рыядзе была гаворка пра частковае перамір’е ў вайне.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя