Немагчыма завершыць вайну, пакуль расейскі дыктатар Пуцін не ўсведамляе, што не зможа перамагчы. Яго трэба пераканаць, што яго мэты недасяжныя, таму ён павінен спыніцца, перш чым страціць больш. Гэта адзіная аснова для дасягнення мірнай дамовы.

Такую заяву зрабіў генерал арміі ЗША ў адстаўцы, былы камандуючы Аб’яднаных Узброеных сіл НАТА ў Еўропе (1997-2000) Уэслі Кларк у інтэрв’ю Суспільнаму.
На думку Кларка, пакуль складана вызначыць, як будзе выглядаць формула міру і хаця спецпрадстаўнік ЗША па Украіне і РФ Кіт Кэлаг сфармуляваў бачанне, яно непрымальнае для абодвух бакоў.
Генерал прывёў прыклад з гісторыі. Ён распавёў, што прэзідэнт Эйзенхаўэр у пачатку сваёй кадэнцыі сказаў: “У мяне ёсць сакрэтны план, як скончыць Карэйскую вайну”. Кларк распавёў, што Эйзенхаўэр адправіў у Паўднёвую Карэю гармату, здольную страляць ядзернымі снарадамі. Гэта супала ў часе са смерцю Сталіна і гатоўнасцю Мао Цзэдуна пайсці насустрач. “Гісторыя скончылася перамір’ем, якое працягваецца і дагэтуль”, – канстатаваў Кларк.






