Партыя БХД прапануе ўсім беларускім дэмакратычным палітычным сілам аб’яднацца пад супольным мемарандумам, а таксама прызнаць свае памылкі і працаваць далей.
Наш госць – адзін з партыйных лідараў Георгій Дзмітрук.
РР: Спадар Георгій, мы будзем гаварыць пра справы партыі БХД, якая, як вядома, і ўся дэмакратычная апазіцыя працуюць ужо некалькі гадоў у эміграцыі. Што на сёння сабой уяўляе партыя БХД як палітычная структура?
— Палітычная структура партыі БХД – гэта партыя. Таму мы аднавілі дзейнасць партыйных структур тут, у выгнанні. Мы існуем у тых рамках, у якіх ужо існавалі. Мы наладзілі вертыкальныя і гарызантальныя сувязі, аб’ядналі людзей, якія знаходзяцца ў выгнанні за мяжой. Займаемся палітычнай дзейнасцю, якая вызначае значанне існавання партыі. Вядзём кантакты з еўрапейскімі палітычнымі структурамі, займаемся самаадукацыяй, рыхтуем новых людзей, аднавілі моладзевую арганізацыю. Мы займаемся менавіта аднаўленнем партыйных структур.
РР: Вось гэтая партыйная палітычная дзейнасць у эміграцыі ўсё ж зусім іншая, чым была ў самой Беларусі.
— Абсалютна. Найбольшая праблема ў тым, што ў нас няма доступу да людзей, да сродкаў масавай інфармацыі – як унутры Беларусі, так і тут, так выйшла. Таму мы выкарыстоўваем усе магчымасці. Галоўнае для партыі – гэта існаваць у палітычнай прасторы, працаваць са сваімі партнёрамі і палітычнымі хаўруснікамі, будаваць блокі.
Як вы ведаеце, мы заключылі мемарандум паміж трыма палітычнымі партыямі. Гэта шырокая кааліцыя, якая аб’ядноўвае правых, цэнтрыстаў і левых. Гэта, бадай, упершыню ў гісторыі дэмакратычнага руху ў Беларусі, калі канкурэнтныя палітычныя партыі дамовіліся паміж сабой дзеля дасягнення агульнай мэты.
Наша мэта – гэта вяртанне выбараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пад эгідай АБСЕ. Мы дамовіліся, тры партыі: Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Народная Грамада і арганізацыйны камітэт партыі „Краіна для жыцця“, што будзем узгадняць палітычныя рашэнні да моманту выбараў. На наступны дзень пасля абвяшчэння ў Беларусі выбараў пад эгідай АБСЕ, празрыстымі і дэмакратычнымі, мы зноў станем, як заўжды былі, канкурэнтамі.
Я лічу, што гэта дасягненне. Гэта ўпершыню ў гісторыі. Гэта не надта моцна асвятляецца з розных прычын, а ўсё ж гэта палітычная падзея.
РР: Паколькі вы ўжо закранулі тэму выбараў, прапаную таксама агучыць пазіцыю вашай партыі адносна, — напэўна, слова „выбары“ тут не пасуе, — электаральнай кампаніі 2025 года, на якой Аляксандр Лукашэнка хоча перавыбраць сябе зноў афіцыйным кіраўніком Беларусі.
— Вы правільна сказалі – гэта электаральная кампанія, і мы так і называем. У адказ на гэту электаральную кампанію ў нас ёсць дзве кампаніі.
Першая называецца „Мой прэзідэнт сядзіць у турме“. Мы прапануем гэтую кампанію ўсім палітычным і дэмакратычным сілам. Для БХД мой прэзідэнт – гэта Павел Севярынец. Для „Народнай грамады“ – гэта Мікалай Статкевіч. У кожнага беларускага актывіста ёсць свой прэзідэнт, і, імаверна, ён цяпер сядзіць у турме.
Другая прапанова – зрабіць дзень выбараў днём цвярозасці, у гэты дзень не ўжываць алкаголю, які прапануюць на выбарчых участках.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя