BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Гібрыдная форма акупацыі як палітычны тэрмін цалкам адлюстроўвае сітуацыю ў Беларусі”

На чарговым пасяджэнні Каардынацыйнай рады быў прыняты праект рэзалюцыі пад назвай “Аб інтэрвенцыі Расейскай Федэрацыі ў справы Рэспублікі Беларусь і ўстанаўленні гібрыднай формы акупацыі”. Рэзалюцыю прадставіла група на чале з Аляксандрам Наўковічам (Лахвічам), у якую ўвайшлі Аляксандр Клачко, Кацярына Клімовіч, Надзея Сцепанцова, Карына Маліноўская, Павел Мар’еўскі.
Наконт гэтага праекта ішлі гарачыя дыскусіі сярод дэлегатаў КР, было напружанае галасаванне, і праект нарэшце прынялі ўвечары 26 лютага літаральна дзякуючы аднаму пераможнаму голасу. За праект прагаласаваў 41 дэлегат Каардынацыйнай рады.

Пра праект рэзалюцыі і падзеі, якія вакол яго адбываліся, сённяшні Госць Рацыі – беларускі добраахвотнік, сябра КР, Аляксандр Наўковіч –  распавядае нашаму радыё.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра асноўныя тэзісы гэтай рэзалюцыі.

Аляксандр Наўковіч: Нідзе не замацаваная пазіцыя па статусу Беларусі. Рэзалюцыя – гэта афіцыйная дэкларацыя пазіцыі Каардынацыйнай рады. Мы з камандай убачылі прабелы ў міжнародным праве і вырашылі, што гібрыдная форма акупацыі як палітычны тэрмін цалкам адлюстроўвае сітуацыю ў Беларусі. Мы прапануем за працэдурай замацаваць тэрмін у міжнародным праве. Гэта будзе складана, але мы будзем спрабаваць. Мы ўжо працуем над гэтым пытаннем, бяром кансультацыі, сустракаемся з экспертамі ў гэтай галіне, таму праца ідзе. Але, падкрэслю, асноўнае – гэта тое, што трэба вызначыць, якой Беларусь з’яўляецца на сёння – ці гэта суагрэсар, ці гэта акупаваная тэрыторыя, з якой  ідуць расейскія войскі, можа быць, гэта незалежная краіна.

РР: Нашая карэспандэнтка якраз размаўляла на гэтую тэму з віцэ-спікеркай КР Станіславай Гліннік, і як сказала Станіслава, яна, на жаль,  не падтрымлівае гэтую рэзалюцыю і зазначыла, што калі Беларусь прызнаюць акупаванай, то з кім тады будзе весціся размова пра Беларусь. А яшчэ яна выказала шкадаванне, што недасканалы дакумент рэзалюцыі быў выстаўлены на ўсеагульнае абмеркаванне. Як вы гэта пракаментуеце?

Аляксандр Наўковіч: Што тычыцца пытання: хто будзе прадстаўляць Беларусь, мне неяк дзіўна чуць такія словы ад палітыкаў. Па-першае, у нас ёсць палітыкі, партыі, якія выехалі. Дарэчы, з некаторымі я камунікую, нам няма, што дзяліць, у нас адзіны шлях. Таму для мяне відавочна, што беларусы павінны прадстаўляць Беларусь.

Я больш, канешне, давяраю не палітыкам, гледзячы на сённяшнія падзеі, што адбываюцца, на геапалітыку, а людзям са зброяй, якія шчыра пайшлі бараніць Украіну. Я зараз кажу пра добраахвотнікаў, якія рызыкуючы сваім здароўем і жыццём, таксама могуць быць у перамовах. А хто акрамя нас? Гэта першая частка адказу.

Другое, дакумент у вольным доступе, мая пазіцыя – абмяркоўваць і з грамадствам таксама. Вялікі дакумент на 16 старонак я выклаў месяцы чатыры таму, а пасля я зрабіў вытрымку на некалькі старонак, каб было прасцей чытаць самае асноўнае. Прэзентацыя кароткага праекта, але самага асноўнага, была два месяцы таму. Ініцыявалі ў КР працоўную групу, у якую ўваходзіла тая самая Стася. За два месяцы ніводнага слова ў гэтай працоўнай групе не было напісана, ніякіх прапановаў.

Я не магу сабе дазволіць супыняцца, таму што мая каманда, з якой я працую, на жаль, я пра іх пакуль не магу казаць, некаторыя з іх хаваюць твары па зразумелых прычынах, таму мы з камандай працуем у нашым рытме. Я не супраць, каб мне дапамагалі іншыя партыі, фракцыі, КР, проста людзі, якія маюць, што сказаць. А мы сутыкнуліся з такой праблемай, я нават адчуваю абурэнне, што мне робяць заўвагу за тое, што мне прапанавалі дапамогу “давайце распрацуем”, і ў выніку мы бачым, што прамаўчалі.

Дык вось, мы з камандай давялі рэзалюцыю “да розуму”, паказалі, а гэта ўжо ваша, я да чальцоў КР звяртаюся, права як прагаласаваць, што прапанаваць. Таму што два месяцы таму я выклаў праект, а рэзалюцыю я выклаў за шэсць дзён да галасавання. Часу хапала паразмаўляць. Ніводны чалавек мне не напісаў, але зараз я адчуваю крытыку ў свой бок.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З поўным праектам рэзалюцыі  “Аб інтэрвенцыі Расейскай Федэрацыі ў справы Рэспублікі Беларусь і ўстанаўленні гібрыднай формы акупацыі” можна азнаёміцца на сайце Каардынацыйнай рады і на ютубе Аляксандра Науковіча (Лахвіча) https://www.youtube.com/@Lahvich.

Там вы можаце знайсці інфармацыю, як падтрымаць каманду праекта вышэйзгаданай рэзалюцыі, бо яна працуе на валанцёрскіх пачатках, без грантаў. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з асабістага архіва Аляксандра Наўковіча

Праект рэзалюцыі 

Рэзалюцыя прынятая Каардынацыйнай радай III склікання 

(па дакладзе (дэкларацыі) Наўковіча Аляксандра, фракцыя “Незалежныя беларусы”) 

Разгляд прыняцця эфектыўных мер аб прызнанні інтэрвенцыі Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь і распрацоўцы дэфініцыі «гібрыдная форма акупацыі» 

Прэамбула 

Каардынацыйная рада: 

Улічваючы факты палітычнага ўмяшання Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь, якія выяўляюцца ў: 

• падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі;  

• навязванні прарасійскай палітыкі;  

• эканамічным ціску праз крэдыты і фінансавую залежнасць;  

• размяшчэнні расійскіх вайсковых баз і, магчыма ядзернай зброі;  

• выкарыстанні тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ў вайсковых аперацыях супраць Украіны;  

• русіфікацыі;  

• медыйным кантролі;  

• прапагандзе “рускага свету”.  

Прызнаючы патрэбу ў абароне суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь ад знешняга ўплыву. 

Зыходзячы з парушэнняў міжнароднага права, дзе дзеянні Расійскай Федэрацыі супярэчаць: 

1. Статуту ААН (артыкул 2 пункт 4, артыкул 2 пункт 7): артыкул 2  пункт 4 «Усе члены павінны ўстрымлівацца ў сваіх міжнародных адносінах ад пагрозы сілай або яе прымянення супраць т эрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці любой дзяржавы, або любым іншым спосабам,  несумяшчальным з мэтамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», артыкул 2 пункта 7 прама забараняе ўмяшанне ва ўнутраныя справы дзяржавы, калі гэта не прадугледжана рашэннямі Савета Бяспекі ААН.  

2. Гаагскай канвенцыі (1907 г.): аб абавязаку захавання суверэнітэту дзяржавы.  

3. IV Жэнеўскай канвенцыі (1949 г.): аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны.  

4. Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН 3314 (артыкул 3 пункт e)  (1974 г.): вызначэнне агрэсіі.  

5. Нацыянальным законам Рэспублікі Беларусь, якія замацоўваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць.  

Пастанаўляе наступнае: 

• Прызнаць факт інтэрвенцыі Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь з 1996 году.  

• Прызнаць факт захопу ўлады Аляксандрам Лукашэнка з моманту антыканстутыцыйнага перавароту 1996 году.  

• Прызнаць, што рашэнні, якія прымаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у ваеннай, інфармацыйнай, палітычнай і эканамічнай сферах, у значнай частцы накіраваны на забеспячэнне інтарэсаў Расійскай Федэрацыі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі з мэтай ўтрымання ўлады, а не ў інтарэсах беларускага народа. 

• Распрацаваць юрыдычную базу для далейшых дзеянняў па вяртанні Рэспублікі Беларусь да дэмакратычнага кіравання:  

6. Распрацаваць пакет дакументаў для ўвядзення тэрміну «гібрыдная форма акупацыі».  

7. Замацаваць прававую дэфініцыю “гібрыдная форма акупацыі”,  распрацаваць тэрміналагічныя вызначэнні яе форм (палітычная,  эканамічная, ваенная, культурная) і наступствы.  

Заклікае міжнародную супольнасць да ўзмацнення ціску супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і фінансавых цэнтраў Расійскай Федэрацыі, якія яго падтрымліваюць, а менавітаіменна:

• прызнаць факт інтэрвенцыі Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь;  

• ініцыіраваць расследаванні фактаў парушэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з боку Расійскай Федэрацыі;  

• прызваць міжнародныя арганізацыі, такія як ААН, АБСЕ, ПАРЕ,  краіны Еўрапейскага Саюза, ЗША, да прыняцця рашэнняў,  накіраваных на спыненне краіны інтэрвента — Расійскай Федэрацыі;  

• падтрымліваць беларускі народ у яго імкненні да аднаўлення суверэнітэту і незалежнасці;  

• надаць падтрымку для правядзення і рэалізацыі дэмакратычных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь. 

Заключныя палажэнні.

1. Гэты дакумент уступае ў сілу з моманту яго прыняцця Каардынацыйнай радай.  

2. Каміссіі Каардынацыйнай рады распрацоўваюць прававую аснову, якая будзе служыць базай для міжнародна-прававых ацэнак і зваротаў у міжнародныя інстанцыі з мэтай супрацьдзеяння расійскай інтэрвенцыі і аднаўленню суверынітэту Рэспублікі Беларусь.