Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа не будзе накладваць вета на абноўлены закон аб абмежавальных мерах у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расеі. Сваё рашэнне кіраўнік дзяржавы аргументаваў тым, што ў выпадку вета «маецца шанец, што гэтыя санкцыі ўвогуле перастануць дзейнічаць».

У той жа час прэзідэнт папракнуў Сейм у тым, што той «дагэтуль не знайшоў у сабе волі аднолькава трактаваць грамадзян Беларусі і Расеі».
Нагадаем, што літоўскі парламент падоўжыў да 2 траўня будучага года абмежавальныя меры за ваенную агрэсію супраць Украіны, якія тычацца грамадзян Беларусі і Расеі. Папраўкі ў адпаведны законапраект, якія прадугледжвалі пазбаўленне беларусаў дазволу на жыхарства за частыя паездкі на радзіму, не былі падтрыманыя падчас некалькіх слуханняў.
Беларускае Радыё Рацыя






