BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Глядзіце на Беларусь і рабіце высновы

У ранішнім выпуску навін на тэлеканале “Дождь” 18 лістапада абмяркоўвалася тэма – ініцыятыва “Час победы” Чалябінскага абласнога аддзялення прапуцінскай арганізацыі “Народный фронт” (спасылка https://www.youtube.com/watch?v=QtcQGHYgLA0 з 4.50 да 13 хвіліны).

Здымак ілюстрацыйны

Ініцыятары прапануюць работнікам прадпрыемстваў вобласці, найперш абаронных, адлічыць свой заробак за адну гадзіну і накіраваць яго на пакрыццё розных збораў, звязаных з СВА (спецыяльнай ваеннай аперацыяй – так Пуцін і яго памагатыя называюць развязаную імі вайну ва Украіне). Грошай з ваеннага бюджэту ўжо не хапае, валанцёры не могуць сваімі сіламі закрыць зборы, вось і вырашылі паспрабаваць, што называецца, пусціць шапку па кругу.

Вядучыя навін спрабуюць зрабіць прагноз, удасца гэтая ініцыятыва ці не, наколькі актыўна ўлады яе падхопяць, наколькі выразным будзе супраціўленне простых расейцаў, ці ёсць у такога пачына будучыня?

Са свайго боку хачу параіць – паглядзіце на Беларусь! А калі ёсць магчымасць, запытайцеся ў беларусаў пра суботнікі.

Наколькі ведаю, у Расеі ўжо вырасла цэлае пакаленне, якое ведае пра гэтую савецкую традыцыю толькі ад старэйшых пакаленняў. Яны са здзіўленнем чуюць пра тое, што трэба бясплатна працаваць. Давайце ўдакладнім для іх, што на беларускіх суботніках людзі не толькі бясплатна працуюць, а яшчэ і самі даплочваюць. І гэта не абсурд, гэта – Беларусь.

А цяпер звяртаю ўвагу на яшчэ адну важную з’яву. За апошнія два з паловай дзесяцігоддзі вышэйшае кіраўніцтва Расеі паступова і паслядоўна пераймае сабе самыя найгоршыя практыкі з Беларусі: умацаванне цэнтральнай улады і аслабленне мясцовай, сканцэнтраванне паўнамоцтваў у руках Лукашэнкі, узмацненне карных структур, павышэнне пенсійнага ўзросту, перапісванне Канстытуцыі, фальсіфікацыі выбараў, знішчэнне палітычных апанентаў… Пералік можна працягваць доўга.

Так што, зыходзячы з вопыту назірання за ўладамі, можна прыйсці да высновы, што ініцыятыва “Час победы” будзе прынятая, рэалізаваная і пашыраная. Да яе будуць падключаныя не толькі абаронныя прадпрыемствы, а і ўвогуле ўсе, нават прыватнікам “выкруцяць рукі”. Пачын Чалябінскай вобласці падхопяць астатнія рэгіёны, бо іх кіраўніцтва не захоча даваць падазрэнні ў сваёй нелаяльнасці. Спачатку “папросяць” аддаваць гадзінны заробак раз у месяц, потым раз у тыдзень, а далей…

Адным словам, глядзіце на Беларусь і рабіце высновы.

Рыгор Скамарох