Купіў у Варшаве на беларускім перадкалядным кірмашы шкарпэткі з коцікамі. Тымі самымі – з 2020 года. Маўляў, лукашысты злыя псы, а мы – новыя беларусы – коцікі. Мы добрыя, таму мы пераможам, бо дабро перамагае зло. Прынамсі, нас так вучылі ў дзіцячым садку і пачатковай школе. З такім настроем шмат хто выходзіў на пратэсныя акцыі.

А перад паходам на кірмаш я чытаў сцэнары магчымага вызвалення Беларусі.
У снежні мы згадваем заканчэнне актыўнай фазы Беларускай рэвалюцыі 2020 года. Без аналізу тых падзеяў ніякія сцэнары на будучыню не маюць вялікага сэнсу.
Парадокс лукашэнкаўскай аўтакратыі ў тым, што на момант 2020 года вырасла генерацыя, якая меркавала, што жыве на тэрыторыі Закону. Таму з пачаткам рэвалюцыі гвалт на гвалт падаваўся чымсьці незаконным, а значыць няправільным. Адсюль і коцікі.
Названая асаблівасць светаўспрыняцця ладнай часткі беларусаў пакідае іх самотнымі на фоне іншых народаў Еўропы.
Справа ў тым, што апроч краін Балтыі, ва ўсіх астатніх былых калоніях Крамля да закону (з вялікай літары) стаўленне вельмі фармальнае. Людзі кіруюцца традыцыйным правам піраміды ўлады ў краінах Сярэдняй Азіі. Абапіраюцца на ўладу кланаў, дзе сталіца жыве сваім жыццём, а кланы сваім, як шмат дзе на Каўказе. І як вішанька на торце Украіна, дзе цэнтральная ўлада традыцыйна слабая, а ігнараванне законаў лічыцца праявай унутранай свабоды. Тут беларусаў з патрабаваннем выканання Закону не разумеюць.
Але і на Захадзе нас не могуць зразумець, бо непарушнасць закону там ніколі не адмянялася. Як гэта – законы не працуюць? А так бывае? А як гэта выглядае?
То бок з аднаго боку не разумеюць як гэта жыць без законаў, з іншага – навошта вам тыя законы – жывіце па негалосных дамоўленасцях.
Седзячы на дыскусіях у Варшаве, беларусы не могуць сабе дазволіць казаць рэчы, якія не адпавядаюць заходняму ўяўленню пра законы. Беларусы вымушаныя прадаваць сваім заходнім партнёрам умоўныя шкарпэткі з коцікамі.
І справа тут нават не ў грошах, хоць беларускія арганізацыі за мяжой пакуль на сто працэнтаў залежаць ад донарскай падтрымкі рознага кшталту фондаў. Справа ў палітычным узаемадзеянні. Калі беларусы пачнуць агучваць ідэі па вызваленні Беларусі, якія супярэчаць еўрапейскім законам, партнёры будуць вымушаныя разарваць адносіны.
Бо ў беларусаў свае простыя жаданні – вызваліць краіну ад акупацыі калабаранцкім з Крамлём рэжымам. А ў краін Еўразвязу свае інтарэсы, і развал Расеі, а разам з ім знішчэнне лука-рэжыму, наўрад ці ў першым спісе задач.
У 2024 годзе беларусам як грамадзянскай супольнасці важна вызначыцца як прарваць блакаду адзіноты.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






