Увесь 2023 год з розных крыніц было чуваць пытанне: калі лукашысты перамаглі, то навошта ім працяг рэпрэсій? Каб адказаць на гэтае пытанне, варта звярнуць увагу не толькі на тое хто выйшаў у 2020 годзе на вуліцы, але і на тых, хто не браў удзел у пратэстах, якія дэ-факта сталіся свядомаснай рэвалюцыяй.

Гледзячы ў 2024 год, варта памятаць пра чарговыя «парламенцкія» «выбары», прызначаныя на 25 лютага.
Калі раз-пораз глядзець афіцыйную прапаганду, будзе трапляцца на вочы кіраўнік унутранымі войскамі Карпянкоў, кіраўнік лукашэнкаўскага аналагу Гестапа – Губазіку – Бедункевіч, кіраўнік КГБ Церцель, а таксама крыху меншыя па вазе, але ад таго не меншыя па сваёй шкоднасці іншыя персанажы ў пагонах. Усе яны хорам ужо які месяц запар рапартуюць, што 2020 год не паўторыцца. І што «выбары» пройдуць без эксцэсаў.
Мінула больш за тры гады, а яны ўсё акопваюцца, усё мацуюць першую ды другую лініі абароны.
Калі-небудзь будзе зроблены аналіз людзей, на якіх завялі крымінальныя справы ад 2020 году.
Эмацыйнасць і спантаннасць – два важных словы для разумення любой рэвалюцыі.
Чалавек раптам усведамляе на колькі яму абрыдлі рэаліі, у якіх ён жыве. І чалавек выходзіць на вуліцу.
Дапускаю, што пераважная большасць людзей, на якіх завялі крымінальныя справы, не былі падрыхтаваныя да карных дзеянняў лукашыстаў. Людзі дзейнічалі на эмоцыях. Не закрывалі твары маскамі, хоць падчас ковіду гэта выглядала б лагічна, не стрымлівалі сябе ў каментарах у сацсетках. Вось гэтыя спантанна-эмацыйныя людзі і далі асноўныя галачкі для рапартаў міліцэйскіх начальнікаў.
Асобнай групай ідуць грамадска-палітычныя актывісты і журналісты. Прычым, актывістаў варта падзяляць на старых і новых. Новыя – Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка са сваімі камандамі. Старыя – Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч. Рэпрэзентанты пачатку свядомаснай рэвалюцыі, якая мае карані не ў 2020. А як мінімум у 1996 падчас пратэсных падзеяў, вядомых як Менская Вясна’96.
Мноства людзей не верыла і не верыць у мірны пратэст, таму не рызыкавалі жыццём і свабодай у 2020 годзе. Гэтыя старыя і паслядоўныя праціўнікі рэжыму застаюцца ў Беларусі.
Магчыма, найперш для Лукашэнкі створаны і падтрымліваецца міф, што ўнутраны «вораг» разгромлены, а галоўная пагроза – ад «беглых».
У сваёй прапагандзе ворага лукашысты малююць за мяжой, але ўмоўныя «бліндажы» і «доты» капаюць у Беларусі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






