BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Глядзім у 2024. Каму патрэбныя беларускія медыйныя праекты?

«Калі ты такі разумны, чаму не зарабляеш грошы?» Гэтая амерыканская прымаўка нарадзілася ў вольным грамадстве. А калі, напрыклад, ты робіш медыйны праект, які прызнаны «экстрэмісцкім», то данаціць табе грошы з Беларусі – гэта рызыкаваць свабодай. То бок, ты разумны, але грошы не зарабляеш. А праект грамадска значны.

На фота: стваральнік Reform.by Фёдар Паўлючэнка

21 снежня стваральнік і галоўны рэдактар рэсурсу Reform.by Фёдар Паўлючэнка звярнуўся да грамадскасці з адозвай да падтрымкі. Маўляў, асноўны донар праекту палічыў кірунак працы Reform.by не актуальным. Грошай засталося на паўтара месяца, трэба штосьці рабіць.

Мы не ведаем унутраную кухню ўзаемаадносінаў донара і атрымальніка фінансавання, але факт у тым, што пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну змясціліся акцэнты ў пытанні хто каму больш патрэбны – донар ці атрымальнік?

У беларускай сітуацыі да 2020 году карціна з фінансавай падтрымкай выглядала наступным чынам. Вось пасярод аўтарытарнага балота варушацца маленькія выспачкі жывой грамадскай і грамадзянскай актыўнасці, і трэба іх падтрымаць проста каб былі.

Пасля надыходзіць 2020 год, і раптам высвятляецца, што беларусы на поўначы, а ўкраінцы на поўдні, стаялі і стаяць на варце спакойнага жыцця краін, дзе месцяцца ў тым ліку і фундацыі, якія падтрымлівалі незалежныя грамадскія ініцыятывы, у тым ліку медыйныя.

Па словах Фёдара Паўлючэнкі, яшчэ ў 2021 годзе, ужо пасля піку рэвалюцыйнай актыўнасці, Reform.by штодня меў ад 300 да 500 тысяч унікальных наведнікаў. У спакойных умовах грамадска-палітычны праект з такім патэнцыялам лёгка перапрафілюецца ў бізнес-прадпрыемтсва.

Але калі будзе менець беларускай журналістыкі, у галовах беларусаў будзе большаць расейскай.

І вось тут мы ўпіраемся ў старую праблему палітычнага характару. Ні беларускі 2020 год, ні поўнамаштабная вайна ва Украіне, не змяняюць дапатопныя, замшэлыя і закасцянелыя стэрэатыпы пра тое, што Беларусь і Украіна – гэта зона расейскіх інтарэсаў. Не Крамлёўскіх, а наагул расейскіх. 

Таму заходнім донарам прасцей па старой завядзёнцы данаціць расейскую як бы апазіцыю. Таму беларусы працягваюць жыць у расейскім як бы апазіцыйным інфаполі. Дзе масквічы ў выгнанні на Захад распавядаюць беларусам як жыць.

Розніца ў тым, што беларусы праз свой 2020 год атрымалі суб’ектнасць, а расейская апазіцыя наадварот – маргіналізавалася.

Падтрымлівайце беларускія медыйныя праекты. Жыве!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя