Грузінскія ўлады адмовілі ў атрыманні палітычнага прытулку беларускаму праваабаронцу Раману Кісляку, бо ён, як лічаць у спецслужбах Грузіі, «пагроза нацыянальнай бяспекі».
Раман лічыць вельмі дзіўным гэты адказ:
– Прашэнне разглядзелі і мне адмовілі. Я адпавядаю крытэрам, якія прадугледжаны Канвенцыяй аб статусе бежанцаў. І напісана, што я гэтым крытэрам адпавядаю. Але мне адмоўлена, як я разумею таму, што на думку службы дзяржбяспекі Грузіі, я з’яўляюся пагрозай для нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку.
Па словах праваабаронцы, пікеты каля розных установаў у Тбілісі і Батумі не паўплывалі на атрыманне адмовы палітычнай абароны:
– Я і да пікетаў быў досыць актыўным, даваў каментары, інтэрв’ю. Калі я знаходзіўся ў Беларусі, гэтым жа чынам дзейнічаў. Таму і ў Грузіі я не мог сябе стрымліваць. Калі ёсць нейкія парушэнні, то мы гаворым, бо гэта нашая праваабарончая місія. У маім выпадку гэтымі пікетамі мы проста паскорылі разгляд прашэння. Думаю, тое ж самае было б і праз год.
Раман Кісляк разам з грузінскімі праваабаронцамі рыхтуе скаргу ў суд горада Тбілісі, якая будзе пададзена цягам бліжэйшага тыдня, і лічыць, што «адмова – гэта толькі пачатак змагання за атрыманне статуса бежанца».
Беларускае Радыё Рацыя