З сённяшняга дня акцыі грузінскай апазіцыі будуць штодзённымі. Пра гэта заявіў адзін з лідараў «Кааліцыі за перамены» Ніка Мелія на мітынгу каля будынка парламенту Грузіі ў Тбілісі.

Удзельнікі мітынгу пратэстуюць супраць вынікаў парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка, якія яны лічаць сфальшаванымі. У фальсіфікацыях абвінавачваюць кіруючую партыю «Грузінская мара» мільярдэра Бідзіны Іванішвілі, якая была аб’яўленая пераможцам на выбарах.
Арганізатарамі акцыі пратэсту выступілі «Кааліцыя за перамены» медыяменеджара Нікі Гвараміі, «Адзіны нацыянальны рух» зняволенага былога прэзідэнта Міхэіла Саакашвілі і «Моцная Грузія» бізнесоўца Мамукі Хазарадзэ. Пратэсты падтрымала прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі.






