BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Грузінская мара і полк Каліноўскага

Шрсты дзень у гарадах Грузіі выбухаюць пратэсты, супрацьстаянне тысяч простых няўзброеных людзей і закаваных у латы “рабакопаў” кожны раз выходзіць на новы і новы ўзровень жорсткасці.

Здымак ілюстрацыйны

Праваабаронцы і незалежныя медыя паведамляюць пра сотні і тысячы збітых мірных пратэстоўцаў, а праўладныя (а таксама расійскія і беларускія СМІ) расказваюць пра сотні траўмаваных паліцэйскіх, спробу “аранжавай рэвалюцыі” і агентаў замежных спецслужб. Што гэта ўсё нагадвае? Вядома ж – падзеі ў Беларусі 2020 года.

Пры гэтым у Грузіі ёсць вельмі важнае адрозненне – раскол кіруючых эліт. Сярод вышэйшага кіраўніцтва краіны не назіраецца той згуртаванасці, маналітнасці, якая была ў Беларусі ў 2020-ым. Прэзідэнтка Саламе Зурабішвілі, а разам з ёй і сотні чыноўнікаў, афіцэраў, дзясяткі паслоў яскрава выказваюць сваю падтрымку пратэстуючым, актыўна дапамагаюць, самі ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту. Сітуацыя ў краіне ківаецца на тонкім лязе, любы аргумент, які здаецца на першы погляд нязначным, можа радыкальна змяніць усю палітычную карціну.

 Бліжэйшыя дні дадуць адказ на важнейшае пытанне: па якім шляху пойдзе Грузія і ўвесь рэгіён у наступныя дзесяцігоддзі. Ці паўторыцца беларускі сцэнарый узору 2020 года з брутальнымі разгонамі, затрыманнямі і далейшымі рэпрэсіямі з іх працягам – дзікімі турэмнымі тэрмінамі для апазіцыянераў, вымушанай шматтысячнай эміграцыяй і (самае галоўнае) поўным зацягваннем краіны ў арбіту палітычных і эканамічных інтарэсаў пуцінскага рэжыму Расеі. Ці падзеі пойдуць па сцэнары ўкраінскім – акцыі пратэсту вымусяць кіраўніцтва да новых выбараў, вяртання на еўрапейскі курс, дыстанцыявання ад паўночнай суседкі.

 Што ж можа стаць той саломінкай, якая зломіць хрыбет вярблюда? Нядаўна ў інтэрнэце прайшла інфармацыя пра тое, што грузіны, якія ваююць у шэрагах Збройных Сіл Украіны, збіраюцца тэрмінова вярнуцца дадому.

 Прыезд хаця б сотні байцоў, людзей рашучых, якія маюць баявы вопыт, умеюць супрацьстаяць узброенаму праціўніку, ведаюць, што такое баявая зладжанасць і дысцыпліна, можа радыкальна памяняць расстаноўку сіл, падняць маральны дух аднаго боку і дэмаралізаваць другі. Бо адна справа разганяць мірных студэнтаў з феерверкамі і зусім іншая – выступіць супраць арганізаванага падраздзялення са спрактыкаваным і рашучым камандзірам на чале. І не важна, што яно будзе няўзброеным. Хаця, пры жаданні ветэраны вайны могуць прыехаць са сваёй зброяй або здабыць яе на месцы.

 У святле апошніх падзей важнасць палка Каліноўскага і іншых беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў у складзе ўкраінскай арміі цяжка пераацаніць.

Рыгор Скамарох