Госць Рацыі – намеснік прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінету па транзіце ўлады Юры Губарэвіч. З ім абмяркуем сітуацыю вакол ініцыятывы АПК “Кадравы рэзерв для новай Беларусі”.
РР: Следчы Камітэт завёў крымінальную справу і вакол гэтага пачалі развівацца вельмі непрыемныя падзеі. Што не спадабалася ўладам Беларусі?
Юры Губарэвіч: Перадусім, уладам не падабаюцца мэты кампаніі “Кадравы рэзерв для новай Беларусі” – гэта падрыхтоўка спецыялістаў, якія зоймуць месцы ў сістэме дзяржаўнага кіравання і мясцовага рэгіянальнага кіравання будучай дэмакратычнай Беларусі. Такая праца разбурае асноўны тэзіс прапагандыстаў пра тое, што альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі няма. Тое, што мы робім, абвяргае тэзу прапаганды, балюча ўдарае па іх пасылах. І, натуральна, што ёсць такая неадэкватная рэакцыя.
РР: Калі пачыналася гэтая праграма, мы таксама казалі з вамі, што ёсць такая небяспека, калі праходзяць анлайн-кансультацыі праз інтэрнэт, што людзей могуць пераследаваць.
Юры Губарэвіч: Насамрэч, ніякай небяспекі для тых людзей, хто бярэ ўдзел у анлайн-лекцыях, няма. Сістэма, якую мы выкарыстоўваем, прадугледжвае поўную ананімнасць. Нават у кадрах прапагандыстаў, якія яны прадэманстравалі ў сваім роліку, бачна, што ніякага доступу да спісу ўдзельнікаў зум-вебінару яны не маюць. Ды і не могуць мець.
РР: Неяк хутка развіваюцца падзеі. Учора з’явілася інфармацыя, што завялі крымінальную справу, і ўжо вечарам з’явіўся нейкі фільм на АНТ прапагандыста Тура, дзе паказалі затрыманых ўдзельнікаў “Кадравага рэзерву”.
Юры Губарэвіч: Ізноў жа, тое, што гэтыя людзі належаць да “Кадравага рэзерву”, гэта толькі пасылы, якія сыходзяць ад дзяржпрапаганды. Вядома, ім нельга верыць. Мы спрабуем ідэнтыфікаваць кожнага з 14 прадэманстраваных.
РР: Вы адказна можаце заявіць, што не ўсе паказаныя людзі з’яўляліся ўдзельнікамі “Кадравага рэзерву для новай Беларусі”?
Юры Губарэвіч: На дадзены момант тыя, каго мы ідэнтыфікавалі, яны не маюць ніякага дачынення да кампаніі “Кадравы рэзерв”. Канешне, мы не 100% зараз маем інфармацыі, спрабуем даведацца, ці гэтыя людзі ўвогуле былі затрыманыя. Бо па некаторых ёсць звесткі, што яны некаторы час таму з’ехалі за мяжу.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя