BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гульня па правілах Пуціна

“Вельмі добрай і прадуктыўнай” назваў размову з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным амерыканскі лідар Дональд Трамп. Тэлефонная размова паміж імі адбылася 18 сакавіка і доўжылася прынамсі паўтары гадзіны. Да чаго дамовіліся бакі, і ці пагадзіўся Пуцін на перамір’е? Падрабязнасці – у каментары Яны Запольскай.

Пуцін і Трамп падчас сустрэчы ў чэрвені 2019 года. Фота: Mikhail Svetlov/Getty Images

Сярод галоўных тэм, якія абмеркавалі Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін называецца спыненне вайны ва Украіне, наладжванне адносін на лініі Масква-Вашынгтон і сітуацыя на Блізкім Усходзе. Так вынікае з паведамленняў Белага Дома і Крамля, якія з’явіліся ў аўторак вечарам. Ці сапраўды гэтая размова аказалася прадуктыўнай?

– Па-першае. Пуцін не пагадзіўся на 30-дзённае перамір’е, пра якое дамовіліся ў Джыдзе ў Саудаўскай Аравіі амерыканская і ўкраінская дэлегацыі 11 сакавіка. Калі раней Пуцін казаў, што да такога перамір’я ёсць шмат пытанняў, то ў размове з Трампам пагадзіўся толькі на 30-дзённае спыненне атак на ўкраінскую крытычную інфраструктуру. Нібыта нават адразу быў аддадзены адпаведны загад войску. Але няма нічога пра спыненне агню па цывільным насельніцтве, ужо не кажучы пра поўнае часовае перамір’е.

– Па-другое. Пуцін традыцыйна запэўніваў у тым, што нібыта хоча міру, наракаў на адсутнасць дамоваздольнасці ва ўкраінцаў, маўляў, нельга ім верыць, і пры гэтым выставіў шэраг патрабаванняў. Масква гатова гаварыць пра перамір’е пры ўмове, што Украіна спыніць мабілізацыю, Захад не будзе накіроўваць у гэты час Украіне ніякай зброі і не будзе дзяліцца з Кіевам дадзенымі выведкі. Аднак, можна зразумець, што ў гэты самы час Расея можа далей узбройвацца, мабілізавацца і так далей.

– Па-трэцяе. Трамп і Пуцін гаварылі пра спыненне агню на Чорным моры, дамовіліся стварыць экспертныя групы ў справе вайны ва Украіне, далей кантактаваць ды яшчэ, гэта ўжо як вішанька на торце, хочуць правесці расейска-амерыканскі хакейны матч.

З гэтых трох пунктаў вынікае наступнае: Пуцін не збіраецца пакуль ісці на перамір’е, Пуцін не збіраецца ісці на кампрамісы і гатовы гуляць выключна па сваіх правілах. Заўважце, нідзе ў камунікатах Белага Дома не ўзгадваецца, што гэта Расея напала на Украіну і развязала гэтую вайну. Затое гаворыцца пра імкненне Расеі да міру. Гэта як у крывым люстры або дагары нагамі. Варта памятаць і пра тое, што пасля нядаўняй сустрэчы ў Пуціным у Маскве пасланнік Трампа Стыў Уіткаф казаў журналістам, што праблема можа палягаць у чатырох украінскіх рэгіёнах, на якія Пуцін мае прэтэнзіі. Гаворка ідзе аб Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях, і не толькі тых частках, якія акупавала Расея, але і тых, кантроль над якімі захоўвае Украіна. Пуцін хоча займець іх цалкам. Што ў прынцыпе не рэальна, толькі калі расейскае войска зможа ў перспектыве поўнасцю захапіць гэтыя ўкраінскія тэрыторыі. Вядома, што ні Уладзімір Зяленскі, а ні ніхто іншы, не пагодзіцца на добраахвотную перадачу часткі сваёй дзяржавы Расейскай Федэрацыі. Таму мірная дамова пакуль выглядае далёкай перспектывай.

Дональд Трамп таксама ўскосна прызнаў, што размовы і з Масквой, і з Кіевам ідуць у тым ліку з абмеркаваннем тэрыторый і кантролю над атамнымі станцыямі. Дарэчы, Трамп стаў даволі асцярожным у сваіх прагнозах па завяршэнні вайны. Можа мы яе скончым, а можа і не. Так цяпер гучаць яго пасланні. А як прыклад рэальных “мірных” памкненняў Пуціна, прывяду толькі адзін факт. Хутка пасля завяршэння размовы Пуціна і Трампа, у Кіеве і на большай частцы тэрыторыі Украіны загучалі сірэны, папярэджанні аб ракетных атаках і выбухі.

Беларускае Радыё Рацыя