З Госцем Рацыі – кіраўніком Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерыем Кавалеўскім абмеркавалі перспектывы гуманітарнага дыялогу.

Валер Кавалеўскі: Самае галоўнае тое, што гуманітарная дыпламатыя паказала ўжо сваю эфектыўнасць. Ёсць вельмі сур’ёзныя вынікі. Усё ж такі за паўтара года вызвалена было 590 чалавек. Гэта два выразныя трэкі – гэта памілаванні ў рамках нацыянальнага заканадаўства, і гэта дыпламатычныя намаганні ЗША, якія праз перамовы здолелі вызваліць 228 палітвязняў з Беларусі. Але ў суме гэта даволі значная лічба. І гэта насамрэч, вельмі выразны адказ на пытанне, ці скажам так, было меркаванне яшчэ два гады таму, што Лукашэнка нікога не будзе вызваляць, пасля, калі ён пачаў вызваляць невялікімі групамі, казалі, што вялікіх лічбаў не варта чакаць. Калі пайшлі большыя лічбы, казалі, што ён не будзе выпускаць публічных фігур, сваіх апанентаў. Але мы бачым, што гэтыя меркаванні, дапушчэнні раз за разам абвяргаліся. Гэта не нейкая выпадковасць. Гэта ўсё вынік працы, вынік настойлівых намаганняў і нашых замежных партнёраў, але таксама і грамадзянскай супольнасці, якая выступала за тое, каб такія дзеянні адбываліся.
Нагадаю, што ў рамках Кааліцыі за вызваленне палітвязняў быў прыняты Маніфест, з заклікам да еўрапейскіх дзяржаў распачаць гуманітарныя перамовы з Менскам для таго, каб дамагчыся большага прагрэсу, больш хуткага дзеяння з боку Менска. Мы разумеем, што Лукашэнка разглядае палітвязняў у Беларусі як рычыг ціску і на дэмакратычную супольнасць, і на грамадства Беларусі ўвогуле, але таксама заходнія краіны. Таму тут пытанне такое: што мы можам зрабіць яшчэ дзеля таго, каб паскорыць гэтыя працэсы, каб як мага хутчэй выходзілі людзі з турмаў, бо ёсць разуменне таго, што людзі там знаходзяцца ў небяспецы для свайго жыцця, свайго здароўя – гэта аднятыя тыдні, месяцы, гады жыцця.
Таму гэта павінна быць прыярытэтам. Калі мы называем гэта прыярытэтам, гэта ўжо тычыцца і грамадзянскай супольнасці, і палітычных структур, то трэба падмацоўваць прыярытэтнасць менавіта практычнымі захадамі. Таму для нас прынцыпова важна працаваць з еўрапейскімі краінамі, з Брусэлем, як месцам, дзе прымаюцца супольныя рашэнні еўрапейскімі краінамі па палітыцы, датычнай Беларусі. І мы бачым, што гэта вельмі няпростая тэма, бо ў Брусэлі зараз ёсць такая апантанасць, што на Беларусь глядзяць выключна з пункту гледжання тэмы бяспекі. Ёсць і пэўная зацятасць у тым, што для некаторых краін, для некаторых дыпламатаў, палітыкаў самым галоўным у Беларусі на сённяшні дзень стаў Лукашэнка. І гэтае жаданне ці абмежаваць яго, ці зрабіць новую шкоду, ці накласці нейкія санкцыі, карацей, не даць таго, чаго ён хоча, стала больш важным, чым сама Беларусь. Я гляджу, што ў Брусэлі за апошнія некалькі гадоў не прымаліся нейкія сур’ёзныя рашэнні па Беларусі, якія б сапраўды нам дапамагалі дасягаць мэтаў дэмакратызацыі Беларусі, вольнай Беларусі. Фактычна гэтыя рашэнні звузіліся фактычна да санкцый супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны. І канешне, фінансавая дапамога для дэмакратычнага руху, што важна па-свойму, але ўсё ж такі гэта зусім не тое, што патрэбна для таго, каб мы дасягалі сваіх мэтаў. Усё ж такі наш дэмакратычны рух знаходзіцца тут дзеля таго, каб дасягнуць сваіх мэтаў і вярнуцца дадому. Мы не прыехалі за мяжу дзеля таго, каб тут жыць назаўсёды. Таму тут пытанне такое: што мы гаворым еўрапейцам, як мы іх матывуем, што мы тлумачым пра сітуацыю ў Беларусі?
РР: Мне здаецца, што гэта такое слабое месца такога дыялогу. Бо, добра, выходзяць палітвязні, але не змякчаюцца рэпрэсіўныя ўмовы, якія зараз пануюць у Беларусі. Здаецца, гэты гуманітарны дыялог не дэмакратызуе Беларусь.
Валер Кавалеўскі: Так, справядлівая заўвага. І магу запэўніць, што гэта пытанне нумар адзін па папулярнасці, якое мы атрымліваем на сустрэчах. І адказ тут такі. Два гады таму мы не верылі, што палітвязянў будуць вызваляць да таго моманту, пакуль мы не пачалі гэтым займацца. Тут лідарамі выступаюць ЗША. Але таксама мы бачым, што Украіна займаецца гэтым пытаннем. Яны выцягваюць сваіх людзей. Гэтым пытаннем займаецца і Ватыкан. Ён ужо здолеў вызваліць двух чалавек. Калі мы займаемся гэтай справай, яна становіцца выканальнай. Гэта тычыцца таксама і рэпрэсій. Усе кажуць, Лукашэнка не спыніць рэпрэсій. А мы займаліся пытаннем спынення рэпрэсій? Мы займаліся гэтым, як выканальнай задачай? Ці мы проста дэкларуем, што гэта немагчыма? Ёсць алгарытмы, ёсць сілы, якія маглі б праз практычныя дзеянні дамагацца таго, каб у Беларусі спыняліся рэпрэсіі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






