Ідзе падрыхтоўка да выбараў у Каардынацыйную раду, якія пройдуць у траўні бягучага года. Трэці склад прадстаўнічага органа беларускай апазіцыі за мяжой падыходзіць да завяршэння сваёй працы. Узрастае дыскусія адносна эфектыўнасці КР ды яе ролі сярод іншых структураў дэмакратычнай супольнасці.

Асноўны вынік – рада сфармавалася як прадстаўнічы орган, і гэта цяжка аспрэчыць, кажа сябра каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў:
– Не магу сказаць, што Каардынацыйная рада – гэта суперпаспяховы беларускі праект. Там ёсць шмат хібаў у працы, шмат крытыкі можна наводзіць на ўсе склады Каардынацыйнай рады, якія былі, пачынаючы ад першага, як ён быў сфармаваны ў 2020 годзе і цераз працяг усёй гісторыі з мінулай Каардынацыйнай радай, дзе я быў спікерам, таксама гэты склад. Але як прадстаўнічы інстытут дэмакратычнай сілы і грамадзянскай супольнасці Беларусі ён неабходны.
Каардынацыйную раду як структуру беларускай апазіцыі, з якой можна супрацоўнічаць, легалізавалі Сенат Польшчы ды парламенты іншых краін. Дэлегацыя КР афіцыйна працуе на палях парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. З прадстаўнікамі КР размаўляюць у Еўропе, а гэта важны элемент рэалізацыі палітыкі, працягвае Андрэй Ягораў:
– Агульныя справы могуць скрышталізоўвацца праз вось такога кшталту прадстаўнічыя палітычныя інстытуты. Калі іх няма, то функцыя прадстаўніцтва будуць пазбаўленыя шматлікія розныя групы. Добра, што ў нас ёсць сімвалічная рэпрэзентацыя праз Святлану Ціханоўскую, але зноў-такі, мы ж розныя. Розныя групы маюць розныя погляды, яны ўвогуле могуць быць там розныя і мусяць мець нейкую пляцоўку магчымасцяў для выказвання сваіх інтарэсаў. І Каардынацыйная рада дае такую пляцоўку.
Унутры Беларусі Каардынацыйную раду ўлады пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі трактуюць як экстрэмісцкае фармаваннем, а супраць яе сяброў заведзеныя крымінальныя справы, абвінавачваюць у спробах захапіць уладу.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






