Амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях у Беларусі Ігар Кізім браў удзел у канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла ў Вільні 3-4 жніўня. Падчас панэлі “Беларускія добраахвотнікі і ветэраны: грамадскае стаўленне і сістэмная падтрымка” ён адзначыў, што яны працуюць над сістэмнымі рашэннямі па легалізацыі беларусаў ва Украіне.
Паводле Ігара Кізіма, гэтыя дні ў яго былі вельмі насычанымі і ён правёў шмат сустрэчаў:
– Я правёў тут шмат сустрэч з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл незалежна ад таго, да якой арганізацыі яны канкрэтна належаць. Гэта вельмі цікава і дапамагае нам фармаваць нашу пазіцыю наконт сувязяў з той часткай беларускага грамадства, якая падтрымлівае Украіну ў барацьбе з расейскім агрэсарам і дапамагае гэта рабіць разам.
Як зазначыў амбасадар, яны разумеюць, што ёсць розныя беларусы – якія супраць вайны, нейтральныя і тыя, хто супрацоўнічае з агрэсарам.
– Таму дастаткова лагічна, што мы працуем з той часткай беларускага грамадства, якія разам з украінцамі выконваюць галоўную місію на сённяшні дзень – гэта перамагчы Пуціна і прымусіць яго вярнуцца ў міжнароднае прававое поле.
Паводле Ігара Кізіма, яны трымаюць у фокусе і пытанне па вызваленні беларускіх палонных добраахвотнікаў. Але не пра ўсё можна распавядаць публічна, каб не нашкодзіць тым, каму патрэбная дапамога.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя