Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў, адказваючы на пытанні падпісчыка тэлеграм-каналу ведамства, заявіў, што беларускамоўных праграм на тэлебачанні павялічвацца не будзе. Паводле чыноўніка, гэта адлюстроўвае агульную моўную сітуацыя ў грамстве. Як адзначаецца, паводле апошняга перапісу насельніцтва, больш за палову грамадзян Беларусі назвалі беларускую мову роднай, аднак у паўсядзённым жыцці на ёй размаўляе менш за чвэрць насельніцтва. Гэты фактар, як сцвярджаюць у міністэрстве, уплывае і на фармаванне тэлевізійнага кантэнту.
Як можна ставіцца да падобных заяваў міністра інфармацыі? Якая сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі назіралася ў мінулым 2025 годзе? І з якой дыскрымінацыяй роднай мовы сустракаліся беларусы апошнім часам? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае праваабаронца Ігар Случак у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Хацела б паразмаўляць з табой наконт адказу міністра інфармацыі, нагадаю, нядаўна да міністра інфармацыі звярнуліся з пытаннем: чаму на тэлебачанні мала праграм па-беларуску, а на асобных каналах увогуле няма перадач на беларускай мове, і ён адказаў, што не глядзяць беларусы праграмы на беларускай мове, і ўвогуле, нягледзячы на тое, што больш за палову грамадзян паводле перапісу называе беларускую мову роднай, глядзець па-беларуску згодны толькі адзін працэнт насельніцтва, а траціна апытаных могуць глядзець як па-руску, так і па-беларуску. І таму яны вырашылі, што мусіць быць толькі па-руску. Як ты ацэньваеш такі адказ міністра інфармацыі?
Ігар Случак: Як можна ацэньваць адказ вайскоўца, які амаль што 15 год адслужыў у войску прапагандыстам. Ён будзе дзейнічаць у адпаведнасці з той дзяржаўнай палітыкай і той ідэалогіяй, якая выбудоўваецца зараз у Беларусі. Наогул дзіўна, што пытанне такое ўзнікла і было зададзена ў слых гэтаму міністру.
Але што б ён змог сказаць, калі яго запытваюць, што ў нас няма беларускай мовы. Ён не можа сказаць, што мы зрабілі так, каб была дыскрымінацыя беларускай мовы і беларускамоўных па моўнай прыкмеце. Ён кажа, людзі не глядзяць перадачы па-беларуску, але ён не можа сказаць, таму, што мы не паказваем іх па-беларуску. І ў іх проста няма выбару. Мы будзем ім даваць тое, што хочам ім даць. Інфармацыю на той мове, на якой мы і даём.
Гэта тое ж самае, як людзі, якіх незаконна арыштоўваюць у Беларусі, пасадзяць у турмы і даюць ім там дрэнную ежу, нейкую баланду, і кажуць: яны ж не хочуць нічога іншага есці. Ядуць толькі гэтую баланду. Не ядуць нічога лепшага. Тут тое ж самае. Выбару няма ў людзей. Пры тым, што нават калі дапусціць, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, хаця юрыдычна ў Беларусі зараз толькі адна дзяржаўная мова, але і той свой уласны закон улады не выконваюць.
РР: Ты кажаш, што ў Беларусі дэ-юра адна дзяржаўная мова, што ты маеш на ўвазе?
Ігар Случак: Змены ў Канстытуцыі былі ўнесены незаконным шляхам, праз парушэнне не толькі выбарчага заканадаўства, але і саміх нарматыўных працэдур, таму фармальна дэ-юра ў нас на сённяшні дзень у Беларусі адна дзяржаўная мова – беларуская.
Казаць, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, гэта тое ж самае, што прызнаваць, што ў нас зараз палітычныя рэпрэсіі ідуць на законных падставах. Але ж мы ніколі не кажам, што ў нас праціўнікаў рэжыму садзяць, выціскаюць з краіны, забіваюць на законных падставах. Сёння ўсе гэтыя акты, усе гэтыя дзеянні рэгулююцца тым заканадаўствам, якое створана пры рэжыме Лукашэнкі.
І з другога боку мне вельмі смешна і прыкра слухаць, нават ад апанентаў рэжыму, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і мы будзем пасля, калі ўсё зменіцца, размаўляць пра тое, што можа руская мова няхай застанецца, альбо яна павінна мець нейкі статус.
Фармальна ў Беларусі толькі адна дзяржаўная мова — беларуская. А руская мова мае статус мовы міжнацыянальных зносін, як гэта было запісана ў Канстытуцыі 1994 года. Вось пра гэты статус можна размаўляць: пакідаць яго, ці захоўваць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






