BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ігар Случак: Гэты рэферэндум пачаў закладаць падмуркі дыктатуры

20 гадоў таму, у траўні 1995 года, адбыўся сумнавядомы рэфэрэндум, у выніку якога расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, а сімвалы “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг змененыя. Як ацэньваць тыя падзеі з пазіцыі сённяшняга дня? І чаму ў 1995-м не здарыўся 2020-ы год?

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае праваабаронца Ігар Случак у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Акурат у траўні адбудзецца сумнавядомая гадавіна рэферэндуму, як яго часта называюць «моўнага», які адбыўся 14 траўня 1995 года. Для цябе што гэта за падзея? Як ты з пункту гледжання сённяшняга дня ацэньваеш яе?

Ігар Случак: Гэта падзея адбылася ў 1995 годзе, 20 гадоў таму. Адбыўся гэты першы рэферэндум, які пачаў закладаць падмуркі дыктатуры, сённяшняга парушэння заканадаўства на ўсіх узроўнях. Гісторыя нам паказвае, што парушэнне заканадаўства ў Беларусі пачалося ў 1995 годзе з гэтага рэферэндуму, які быў праведзены незаконна. Галоўнае парушэнне ў тым, што гэты рэферэндум наогул не павінен быў адбыцца. Бо заканадаўства, якое дзейнічала ў той час, забараняла праводзіць рэферэндумы – і працэсуальна, і выносіць такія пытанні, якія былі вынесены на рэферэндум на конт дзяржаўнасці беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі. Гэта тыя пытанні, якія было забаронена выносіць у прынцыпе.

РР: Я патлумачу, чаму было забаронена. Бо паводле артыкула 78 тагачаснай Канстытуцыі рэферэндум павінен быў праводзіцца ў адпаведнасці з законам і менавіта прававы аспект рэферэндуму рэгуляваўся законам “Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме)”. І паводле яго на рэферэндум не маглі выносіцца пытанні нацыянальнай і гістарычнай адметнасці. Гэта менавіта мова, гістарычна-нацыянальныя каштоўнасці, то бок пра гэта ўвогуле не маглі на рэферэндуме задаваць такія пытанні.

Ігар Случак: І калі глядзець з пункту гледжання працэдурных нормаў. Пастаноўка такіх пытанняў на рэферэндум парламентам была адхілена. У такім выпадку другое галасаванне не праводзіцца. Калі парламент не прымае гэтае рашэнне, то на гэтым і заканчваецца абмеркаванне. Але там было другое галасаванне, пасле таго, як частка дэпутатаў выказала свой пратэст шляхам галадоўкі і не пакідала парламент. Іх сілавым метадам з парламенту вывелі, што ўжо наогул парушэнне ўсіх нормаў. Наконт гэтага трэба было праводзіць адмысловае расследаванне, каб пакараць усіх датычных да гэтага. Бачыце, парушэнні заканадаўства былі на ўсіх узроўнях. І тое, што адбывалася з людзьмі ў 2020 годзе, дэпутаты, якія пратэставалі супраць рэферэндуму, адчулі на сябе яшчэ ў 1995 годзе. То бок гэтае беззаконне пачалося не ў 2020 годзе.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя