
фота з фэйсбуку Ігара Тышкевіча
Украіна – гэта не прыярытэт палітыкі Дональда Трампа. У разлік ідуць як палітычныя, так і эканамічныя выгады, а таксама варта ўлічыць фактар канкурэнцыі ЗША і Кітая. Так мяркуе наш сённяшні госць, украінскі і беларускі палітычны аналітык Ігар Тышкевіч, на размову з якім запрашае Яна Запольская.
РР: Спадар Ігар, як вы думаеце, ці пагодзіцца Уладзімір Пуцін на тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты паміж амерыкана-ўкраінскімі дэлегацыямі днямі ў Саудаўскай Аравіі?
— Я лічу, што не адразу, але пагодзіцца. Пуцін паспрабуе высунуць свае патрабаванні і неяк звязаць гэта з будучым фарматам перамоў. Але, у прынцыпе, для яго цяпер з аднаго боку, непрыемна, з другога боку, выгадна пагадзіцца.
Пытанне рыторыкі: Пуцін пастаянна падымаў пытанне, маўляў, Украіна нібыта недагавораздольная, а цяпер, фактычна, мяч на ягоным полі. Другое — ён мае ўмоўную «гісторыю перамогі». Гэта тое, што ўкраінскія войскі выходзяць з Курскай вобласці. Прычым не проста так: ён там з’явіўся, або ягоны двайнік у вайсковай форме — каб паказаць сябе «царом-ваеначальнікам».
На гэтым фоне ён можа пайсці на пэўнае перамір’е. Але яшчэ раз: гэта не азначае, што гэты рэжым будзе выконвацца і што ён будзе доўгатрывалым.
РР: У сувязі з гэтым — адступленне ўкраінскіх войскаў з Курскай вобласці магло быць адным з пунктаў гэтых дамоўленасцяў у Савудаўскай Аравіі. Як вы думаеце?
— Магло быць, і гэта цалкам верагодна. Таму што, з аднаго боку, сітуацыя… Ну, па-першае, Пуцін спяшаўся якраз з аперацыяй у Курскай вобласці, каб мець магчымасць у тым ліку гаварыць пра перамір’е.
Бо для яго ўступаць у такі рэжым, калі частку Расейскай Федэрацыі кантралюе Украіна, гэта ўступаць з слабых пазіцый з пункту гледжання менавіта рыторыкі, дасягнення вынікаў так званай «СВО».
І з іншага боку, калі глядзець на тэмпы працэсу, то сітуацыя цікавая. Украінскія войскі фактычна дайшлі да абаронных умацаванняў унутры горада. Але пасля — раптам, пасля заканчэння сустрэчы ў Савудаўскай Аравіі — вырашылі пакінуць.
Каб зразумець, наколькі гэта выгадна ці невыгадна з пункту гледжання абароны, дастаткова паглядзець на тое, як расейскія войскі спрабуюць штурмаваць гарадскія агламерацыі ва Украіне.
Умоўна кажучы, калі б Украіна там вырашыла абараняцца, для Расеі гэта быў бы вельмі і вельмі доўгі працэс.
РР: Выбары прэзідэнта Украіны — адно з галоўных патрабаванняў Уладзіміра Пуціна. Ён шмат разоў заяўляў, што лічыць Уладзіміра Зяленскага нелегітымным прэзідэнтам. Выглядае, што Дональд Трамп падтрымлівае гэтае патрабаванне.
Сам Зяленскі падкрэслівае, што выбары прэзідэнта магчымыя толькі пасля таго, як ва Украіне будзе знята ваеннае становішча. Вось у сувязі з гэтым: наколькі рэальныя выбары прэзідэнта Украіны?
— Паводле ўкраінскага заканадаўства, так — гэта магчыма толькі пры адсутнасці рэжыму ваеннага становішча.
А з пункту гледжання пазіцыянавання… З аднаго боку, так, для Пуціна гэта будзе яшчэ адзін «плюс» у так званую «карціну перамогі».
А з іншага боку, ёсць стары, яшчэ з 2019 года, канфлікт паміж Трампам і Зяленскім. Асабісты, глыбокі канфлікт. Яшчэ раз: не цяперашні, а з 2019 года, з часу мінулай кадэнцыі Трампа. І натуральна, што Трамп — як чалавек, які ў першую чаргу арыентуецца на ўласнае бачанне свету і ўласныя пажаданні… Ён успрымае існыя фармальныя механізмы і фармальныя абмежаванні як часовую нязручнасць, але не як непераадольную сілу.
Таму цалкам натуральна, што Трамп будзе ціснуць на тое, каб выбары ва Украіне прайшлі як мага хутчэй.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Нашым госцем быў украінскі і беларускі палітычны аналітык Ігар Тышкевіч.
Беларускае Радыё Рацыя






