BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ілона Карпюк: 25-га сакавіка збіраемся ў Беластоку разам

25 сакавіка беларусы ва ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Для многіх гэта не толькі гістарычная дата, але і сімвал беларускай дзяржаўнасці, салідарнасці і надзеі на вольную будучыню краіны.

З гэтай нагоды Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку падрыхтаваў урачысты канцэрт пад назвай «Жыве Беларусь! Учора. Сёння. Заўтра.»

Афіша канцэрта.

Калі і дзе адбудзецца канцэрт, хто выступіць перад публікай і чаму для беларускай супольнасці важна збірацца разам у Дзень Волі, пра гэта ў праграме “Госць Рацыі” распавядае намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк:

РР: Неўзабаве чарговы Дзень Волі ў Беластоку. Што Цэнтр беларускай культуры падрыхтаваў з гэтай нагоды?

Ілона Карпюк: Цэнтр ужо, відаць, прызвычаіў жыхароў Беластока, што з нагоды Дня Волі стараемся падрыхтаваць урачысты канцэрт, і так будзе ў гэтым годзе. Таму запрашаем 25 сакавіка ў 18 гадзін у канцэртную залу комплекса музычных школ на вуліцы Падлеснай, 2 на ўрачысты канцэрт, як і ў мінулыя два гады.

РР: Што чакаецца ў праграме, хто будзе выступаць?

Ілона Карпюк: У праграме пачуем фартэпіянны і струнны квартэт, паміж гэтай класічнай музыкай пачуем гукі дуды. А таксама будзе гучаць беларускае слова, у якасці дэкламацыі паэзіі, якая таксама будзе навязваць да праграмы канцэрта. Праграму пачнем з часоў Касцюшкі, які таксама праяўляў сябе як кампазітар, і такі рэпертуар будзе ўплецены ў цэлую праграму, якая будзе весці нас з часоў Касцюшкі па сучаснасць.

Таму ў праграме знойдуцца і кампазіцыі добра вядомых кампазітараў – Міхала Клеафаса Агінскага, Напалеона Орды, але таксама сучасных кампазітараў – напрыклад, Кастанціна Яськова, а таксама Яўгена Глебава. І як ужо сказала, нашыя госці – гэта госці і з Польшчы, але таксама і з Літвы. Будзе струнны квартэт, які працуе ў Клайпедзе, будзе саліст-флейтыст, будзе піяніст Кірыл Кедук, будзе дуда беларуская, на ёй зайграе Яўген Барышнікаў.

РР: Хутчэй за ўсё Святлана Ціханоўская будзе сустракаць Дзень Волі ў Кіеве. Ці чакаюцца ў Беластоку на гэтым канцэрце нейкія адмыслова запрошаныя госці?

Ілона Карпюк: Вядома, як заўсёды, запрашэнні да паважаных гасцей накіроўваем. Але, зразумела, гэта дзень, які кожны хоча святкаваць у месцы, у якім пражывае. І ў Варшаве, і ў Вільні, і ў Кракаве, і ў іншых-іншых гарадах таксама ладзяцца святкаванні. Таму мы засяроджваемся перш за ўсё на тым, каб нашая агульная беларуская супольнасць змагла сустрэцца разам у гэты дзень. І вось такая мэта гэтага канцэрту.

Як звычайна будуць бясплатныя запрашэнні, іх атрымаць можна будзе ў Цэнтры беларускай культуры. Будзем накіроўваць запрашэнні таксама ў фармаце анлайн. Так што калі атрымаецца запрашэнне ў спісе нашых звычайных наведвальнікаў мерапрыемстваў, проста пацвярджайце. Запрашаем сардэчна!

РР: Можа не хапіць месцаў.

Ілона Карпюк: Месцаў у зале больш за 400. Спадзяемся, што запоўнім зноў гэтую залу. Гэта важна, каб збудаваць такую атмасферу, не толькі ўрачыстую, годную, але лічым што гэтая сустрэча і для сямейнага наведвання. І гэты канцэрт, спадзяюся, будзе паказваць наколькі шматбаковая і багатая беларуская культура.

Цалкам размова:

Канцэрт адбудзецца 25 сакавіка а 18-й гадзіне ў канцэртнай зале Комплексу музычных школ у Беластоку (ul. Podleśna 2). Уваход на мерапрыемства бясплатны, але неабходна мець запрашальнікі. Атрымаць іх можна з 17-га сакавіка ў Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку па вуліцы Jana Kilińskiego 16. Звязацца можна па адрасе [email protected] або па тэлефоне 537 742 000.

Беларускае Радыё Рацыя