BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Інаўгурацыя Лукашэнкі: таемная ці публічная?

У бліжэйшыя дні павінна адбыцца інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. На яе правядзенне заканадаўства вызначае два месяцы пасля саміх выбараў. Дата пакуль невядомая, таксама не зразумела, чаму Лукашэнка «цягне да апошняга». Падрабязнасці – у каментары Рацыі.

Фота: ЕРА (Лукашэнка ў траўня 2023 года ў Маскве)

«Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Так гучыць словы прысягі пры ўступленні на пасаду прэзідэнта. Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка ўжо шэсць разоў у сваім жыцці чытаў гэтыя словы, якія па-сутнасці нічога для яго не значаць, акрамя захоўвання ўлады. Усё астатняе: правы, свабоды і сама Канстытуцыя ўжо даўно пераўтварыліся для рэжыму Лукашэнкі ў непатрэбныя па-сутнасці атрыбуты.

26 студзеня гэтага года Лукашэнка сёмы раз запар «элегантна пераабраўся» на чарговы тэрмін, але… словы прысягі, нават калі яны толькі фіктыўныя, так пакуль і не прачытаў. Заканадаўства вызначае, што інаўгурацыя павінна адбыцца не пазней як праз два месяцы пасля выбараў, то бок фактычна застаўся тыдзень на яе правядзенне.

З большага ўсе інаўгурацыі Лукашэнкі праходзілі пышна, у 2015 годзе цырымонія ўпершыню прайшла ў Палацы Незалежнасці, які сам па сабе з’яўляецца ўзорам непатрэбнага выдаткавання грошай на раскошныя інтэр’еры. Аднак 2020 год быў асаблівым. Безумоўна, і раней, калі картэж Лукашэнкі рассякаў вуліцы Менска, там было пуставата, бо ж рэжым баіцца народу. Але ў 2020, пасля масавых мірных пратэстаў, пасля разлітай крыві пратэстоўцаў, пасля выбухаў у беларускай сталіцы і пасля таго, як рэжым адкрыта паказаў свой злавесны твар, інаўгурацыя прайшла не проста іначай, яна была нават таемнай. Грамадства пра яе дазналася ўжо пасля.

23 верасня 2020 года ў Палацы Незалежнасці ў абстаноўцы поўнай сакрэтнасці, без публічнай абвесткі адбылася шостая цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. На цырымоніі прысутнічала каля 700 чалавек. Сярод іх былі вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты і сенатары, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых органаў улады і дзяржаўных СМІ, адным словам правераныя і адабраныя ў выніку селекцыі людзі. Тады яшчэ абвяшчала Лукашэнку адыёзная Лідзія Ярмошына, біяграфія якой – суцэльныя фальсіфікацыі.

Пасля той ганебнай інаўгурацыі вечарам 23 верасня, калі з’явілася поўная трансляцыя цырымоніі, пратэстоўцы выйшлі на праспект Пераможцаў, дзе іх жорстка збівалі і затрымлівалі з выкарыстаннем вадамётаў і слёзатачывага газу. Цывілізаваны свет не прызнаў тыя выбары, як і амаль усе папярэднія. У тыя дні пачалася новая гісторыя Беларусі, якую мы перажываем надалей.

Застаецца ўсё ж незразумелым, чаму сёлета Лукашэнка так цягне з гэтай інаўгурацыяй, бо ж электаральная кампанія прайшла цалкам па ягоным плане. На фоне масавых рэпрэсій у краіне не чакаюцца ніякія пратэсты, а тым больш масавыя.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя