
Ініцыятыва беларусаў “Наша справа” збірае подпісы пад зваротам да кіраўніцтва Польшчы за тое, каб беларусы свабодна маглі вучыцца, працаваць, вандраваць і весці бізнес у Польшчы і краінах Еуразвяза, а таксама за спрашчэнне легалізацыі і працаўладкавання для беларускіх эмігрантаў.
“Мы ўдзячныя польскаму грамадству і ўладам за падтрымку і дапамогу беларусам і стварэнне спрыяльных умоў для беларускіх эмігрантаў, таму просім не зачыняць межы паміж Польшчай і Беларуссю.
Сувязі з Еўропай для нас — адзіная магчымасць захаваць нацыянальную ідэнтычнасць і незалежнасць. Магчымасць свабодна падарожнічаць, вучыцца, працаваць, весці бізнес у Польшчы і ЕЗ дапаможа ўмацаванню праеўрапейскіх настрояў і будучым рэформам.
Санкцыі павінны дзейнічаць супраць тых, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі. Але сёння ад закрыцця межаў, візавых абмежаванняў усё больш пакутуюць простыя беларусы, а не беларускія ўлады”, – паведамляе “Наша справа”.
Даведацца больш пра петыцыю і пакінуць свой подпіс можна на сайце nashasprava.eu.
“Наша справа” – ініцыятыва беларусаў, якая выступае за спрашчэнне візавага рэжыму, вырашэнне праблем легалізацыі беларусаў, а таксама за падтрымку беларускіх валанцёраў і добраахвотнікаў.