BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Інтэграцыя Беларусі і Расеі блізкая да крытычнага ўзроўню

Аляксандр Лукашэнка “працягвае разбураць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі”, інтэграцыя з Расеяй у рамках Саюзнай дзяржавы “набліжаецца да крытычнага ўзроўню”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на канферэнцыі “Будучыня Беларусі: забыты фронт расейскай экспансіі”, якая прайшла ў Варшаве.

У канферэнцыі ўдзельнічалі эксперты з Беларусі, Польшчы, Літвы, ЗША і Украіны, паведамляецца ў тэлеграм-канале Латушкі.

Паводле яго слоў, палітычны і вайсковы кантроль над Беларуссю “ўсё больш перадаецца ў рукі Расеі”, ад рэсурсаў Масквы рэжым Лукашэнкі “цалкам залежыць”. Адной з галоўных памылак заходніх краін у дачыненні да Беларусі Латушка назваў стратэгію “не злаваць дзеда”: “Гэта прывяло нас у кропку крытычнай сітуацыі як унутры Беларусі, так і на межах з Украінай і ЕЗ. Лукашэнка ўжо зрабіў практычна ўсё, на што яго баяліся справакаваць. Найбольшую колькасць пагроз ён стварыў менавіта ў той перыяд, калі яго практычна не чапалі. Баючыся заштурхаць Лукашэнку ў абдымкі Расеі, Захад у выніку проста назірае за абдымкамі Пуціна і Лукашэнкі”. Выступаючы на канферэнцыі, кіраўнік НАУ прапанаваў “канкрэтныя крокі” па падтрымцы беларусаў.

Такімі крокамі, паводле яго слоў, з’яўляюцца лаяльная візавая палітыка з боку краін Еўразвязу, павелічэнне падтрымкі незалежных СМІ і “дэмакратычных інстытутаў, без якіх немагчыма разлічваць на еўрапейскую дэмакратычную Беларусь”, а таксама “сціранне чырвоных ліній адносна Лукашэнкі, якія ён даўно перайшоў”.

Беларускае Радыё Рацыя