BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ірляндцы адхілілі антысямейныя змены ў канстытуцыі

Ірляндыя. Святкаванне Дня святога Патрыка, фота ілюстрацыйнае

У мінулую пятніцу на Зялёным востраве прайшоў усенародны рэферэндум па папраўках да канстытуцыі Ірляндыі. Мэта прапанаваных змяненняў палягала ў тым, каб выключыць з Канстытуцыі ўсе спасылкі на маці, якія застаюцца дома, і замяніць іх на «сямейных выхавальнікаў», а таксама звесці шлюб да таго ж роўню, што і неўстаноўленыя «трывалыя саюзы».

Згодна з законам, які дзеіць у Ірляндыі, кожныя папраўкі ў канстытуцыю могуць быць унесены толькі шляхам рэферэндуму. Такім чынам у 1995 годзе быў прыняты закон аб разводзе, у 2015 годзе аднаполым парам былі дадзены шлюбныя прывілеі, а ў 2018 годзе былі легалізаваныя аборты (Ірляндыя была першай краінай у свеце, якая санкцыянавала гэтую практыку на ўсенародным галасаванні). Практычна ўсе каментатары чакалі, што названая тэндэнцыя захаваецца і працэс «вызвалення» краіны ад уплыву каталіцызму працягнецца.

Усе значныя партыі выказаліся за змены, як тыя, што ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю (Фіяна Файл, Файн Гаэль і Партыя зялёных), так і па-за яе межамі (апазіцыю ўзначальвае Шын Фейн). Таксама практычна ўсе найбольш важныя СМІ, якія фарміруюць грамадскае меркаванне, выступілі за ўнясенне паправак у канстытуцыю. У выніку ўся перадрэферэндумная кампанія нагадвала матч у адну браму, у якім бальшыня палітыкаў і публіцыстаў гулялі адной камандай.

Першая з прапанаваных зменаў датычыла артыкулу 41, раздзел 2, шырока вядомы як пункт “жанчына дома”. Ён абавязвае дзяржаву абараняць маці ад змушанага пакідання дому з-за эканамічнага прымусу. У пункце прызнаецца, што «жанчына сваім сямейным жыццём аказвае падтрымку дзяржаве, без якой немагчыма дасягнуць агульнага дабра». Заяўнікі прапаноўвалі, каб дзяржава падтрымлівала сямейных выхавальнікаў, а не жанчын ці хоць бы бацькоў. На іх думку, цяперашняе становішча, у якім згадваліся толькі жанчыны, было сэксісцкім.

Другая папраўка тычылася артыкулу 41 раздзела 3. 1 Канстытуцыі, якая прызнае шлюб асновай сям’і і забяспечвае яму асаблівую дзяржаўную абарону. Замест гэтага ў ім прапаноўвалася, што сям’я заснавана на шлюбе або “іншым трывалым саюзе”, без вызначэння таго, што можа азначаць апошні тэрмін (што можа таксама ўключаць палігамныя і поліамурныя адносіны). На думку заяўнікаў, пункт у яго цяперашнім выглядзе з’яўляецца дыскрымінацыйным у адносінах да іншых саюзаў, акрамя шлюбу.

Аднак вынік рэферэндуму ўсіх здзівіў. Нягледзячы на ​​масіраваную медыйную кампанію, ажно 67,7 працэнта выбаршчыкаў прагаласавалі супраць змяненняў у канстытуцыю. Палітыкі памыліліся, мяркуючы, што грамадства пойдзе ўслед за імі, каб падтрымаць змены, якія яны прасоўваюць (як гэта было раней у выпадку з гомасексуальнымі саюзамі і абортамі).

Беларускае Радыё Рацыя паводле wPolityce.pl